9 студзеня памёр аўтар яркіх эксперыментальных габеленаў Уладзімір Лісавенка, сябра Саюза мастакоў і Саюза дызайнераў. Яму быў 61 год.

«Фірмовы почырк Уладзіміра Лісавекі запомніўся многім прыхільнікам эксперыментальнага габелену. Ён умеў пераўтвараць у творы мастацтва магнітафонныя стужкі і старыя джынсавыя тканіны. Для яго джынсы былі не толькі сімвалам маладосці, але і фактурным матэрыялам, больш, чым проста адзенне. «Джынсы — гэта для майго пакалення ўсё. Я проста гэтыя старыя штаны запускаю ў вечнае жыццё», — тлумачыў аўтар у сваіх інтэрв’ю. 

Аўтарскім габеленам Уладзіміра Лісавенкі ўласціва спалучэнне паэтычных мастацкіх вобразаў, выкананых у стрыманай каляровай гаме, з інтэнсіўным і ў той жа час тонкім пачуццём рытму і матэрыялу.

Мастацтвазнаўца Пётра Васілеўскі: «Для спадара Уладзіміра ткацтва — тое ж, што і маляванне. Ён увасабляе ў габелене думкі, якія маглі б быць занатаванымі алоўкам на паперы альбо фарбамі на палатне. Прычым ступень выяўленчай умоўнасці калі-нікалі мяжуе з так званым наіўным мастацтвам. Аднак нават калі аўтар імітуе стылістыку дылетанта, адчуваецца ўпэўненая рука прафесіянала».

А ўсяго некалькі гадоў таму адбылася юбілейная выстава Уладзіміра Лісавенкі ў Палацы мастацтва. І да яе адкрыцця Ала Непачаловіч напісала: «Уладзімір Лісавенка ў сваёй творчасці звяртаецца да разнастайных тэм, стварае шырокі спектр своеасаблівых мастацкіх вобразаў. Мастак пастаянна эксперыментуе, не абмяжоўваючыся тэхнікай гладкага ткацтва. У яго працах прасочваецца аснова класічных традыцый габелена і беларускага узорнага ткацтва. Аднак наватарскія стылістычныя ідэі і аўтарскія прыёмы выканання Уладзіміра, дапоўненыя ўдалым выкарыстоўваннем неардынарных сучасных матэрыялаў, прыцягваюць велізарную цікавасць і ўвагу гледача да яго твораў», — адзначаецца ў некралогу Беларускага саюза мастакоў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0