Вечарам 6 студзеня міліцыя затрымала ў Гомелі настаўніцу адной са школ. Дома ў яе міліцыя правяла «агляд памяшкання». Пасля 57-гадовую настаўніцу змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання на няпэўны тэрмін, піша «Радыё Свабода».

Пра прычыны затрымання міліцыя не гаворыць. «Магчыма, яна ўдзельнічала ў навагоднім карагодзе ў лесе, удзельнікаў якога цяпер ловіць па Гомелі міліцыя. Іншых прычын мы не бачым», — зазначылі сябры настаўніцы.

Вечарам 6 студзеня настаўніца выйшла з пад'езда — ішла ў царкву на службу, але была затрыманая міліцыяй.

25 снежня жыхары Гомеля зладзілі ў лесе навагодні пікнік. Яны прыбралі ялінку, палілі вогнішча, смажылі сала і вадзілі карагод. На ялінцы былі аркушы з надпісамі «Пацук, уцякай!» і «Новы год без пацука». Некаторыя з удзельнікаў трымалі бел-чырвона-белыя сцягі.

Відэа з карагода з'явілася ў тэлеграм-каналах.

5 студзеня міліцыя затрымала адну з удзельніц карагода, затым — яшчэ адну, 59-гадовую пенсіянерку Алу. Яе абвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным мітынгу. Так міліцыя і суд расцанілі карагод у лесе вакол ялінкі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0