Сёння пайшоў з жыцця ветэран Другой сусветнай вайны, адзін з найстарэйшых сябраў БНФ, пісьменнік Фелікс Шкірманкоў.
Прычына смерці — каранавірус.
Паводле папярэдняй інфармацыі, пахаванне пісьменніка адбудзецца ў сераду, 6 студзеня, у Слаўгарадзе.
Фелікс Шкірманкоў нарадзіўся 27 траўня 1926 году ў Прапойску, сённяшнім Слаўгарадзе. Ён быў ветэранам вайны, сябрам партыі БНФ, Саюза беларускіх пісьменнікаў ды ТБМ.
Пятнаццацігадовым падлеткам Фелікс Шкірманкоў стаў у шэрагі абаронцаў Айчыны. Пасля доўгі час працаваў геолагам на Далёкім Усходзе. Яго вяртанне ў Беларусь супала з бурлівымі падзеямі распаду СССР. Землякі абралі Фелікса Шкірманкова старшынём Слаўгарадскага гарадскога савета народных дэпутатаў. Фелікс Шкірманкоў выдаў некалькі кніг рознага літаратурнага жанру. Сярод яго твораў — успаміны, замалёўкі, абразкі, «ваенныя» й «геалагічныя» апавяданні, паэтычная кніга на рускай мове, кнігі вершаў па-беларуску.





