Карэспандэнт брусэльскага выдання EUobserver Эндру Рэтман расказаў «Свабодзе» аб працы над расследаваннем, у якім гаворыцца пра планаванне спецслужбамі Беларусі палітычных забойстваў на тэрыторыі Еўрасаюза.

Колькі доўжылася праца над расследаваннем

— Праца над гэтым расследаваннем працягвалася некалькі месяцаў. Я пачынаў з невялікага кавалка інфармацыі ад крыніцы і намагаўся знайсці больш і больш. Затым трэба было ўсё аб’яднаць. Найбольш часу заняло пацверджанне сапраўднасці запісу. Вядома, я давяраў сваёй крыніцы, але я мусіў даказаць праўдзівасць, бо запіс сенсацыйны. Аўдыёзапіс у кабінеце кіраўніка КДБ — гэта не жарты. І гэтае пацверджанне сапраўднасці я атрымаў.

Чаму ўкраінскія спецслужбы атрымалі запіс яшчэ летась, а EUobserver — толькі цяпер?

— Гэтаму запісу ўжо 8 гадоў. Я ведаю ад Ігара Макара (былы намеснік камандзіра баявой групы антытэрарыстычнага падраздзялення МУС Беларусі «Алмаз»), што ён перадаваў гэтую стужку амерыканскім дыпламатам яшчэ ў 2012 годзе. Думаю, што яны перадалі гэта нямецкім спецслужбам. Калі гэта было перададзена ад адной спецслужбы краіны NATO іншай, то магчыма, што нехта перадаў гэта і ўкраінцам.

Я не думаю, што гэты запіс утрымлівае нешта новае для спецслужбаў у Еўропе. Але для звычайных людзей гэта вялікая навіна.

Ці спрабавалі вы атрымаць каментар ад КДБ ці спадара Зайцава?

Так. Калі робіцца расследаванне такога размаху, то, маючы ўсё гатовае да публікацыі, ты пытаешся ў герояў матэрыялу пра іх рэакцыю.

Я ані разу ў сваёй працы не атрымліваў ніякага адказу на запыты ў КДБ Беларусі, таму адразу напісаў у МЗС. Гэта было на мінулым тыдні. Я кантактаваў і з «Космас-ТВ». Я тлумачыў, што рыхтую матэрыял пра пераслед беларускіх уцекачоў у Еўропе, і распытваў, ці можна пра гэта паразмаўляць, бо вы героі гэтага расследавання. Я атрымаў толькі смешны адказ ад беларускай амбасады ў Брусэлі. Яны напісалі, што ім прыемна, што я напісаў, бо звычайна, на іх думку, мы пішам матэрыялы супраць Беларусі бяз спробы пагаварыць з імі. Я адказаў, што выдатна, тады давайце паразмаўляем. Але больш яны не адказвалі.

Магчыма, яны не ўспрынялі мяне сур’ёзна. Магчыма, таму што я не раскрыў сутнасць таго матэрыялу, які я маю. Я толькі паведаміў, што гэта датычыць аперацыі супраць беларускіх уцекачоў у Еўропе.

Калі б яны ўсё ж хацелі даць мне свае каментары, то я з радасцю выслухаю іх пазіцыю. 

Ці будзе працяг расследавання?

У мяне няма чарговых гадзінаў запісаў, з якіх можна было б зрабіць чарговыя цікавыя адкрыцці. Запіс з кабінета Зайцава, які я маю, сапраўды значна даўжэйшы, чым той, што мы апублікавалі. Але рэч у тым, што рэшта гутаркі даволі банальная і, галоўнае, яна можа дапамагчы раскрыць крыніцу. Таму я вырашыў не выкарыстоўваць увесь запіс.

Але я думаю, што мае крыніцы працуюць і з чарговымі запісамі. Я не ведаю, ці прыйдуць яны да мяне, ці да кагосьці іншага. Я перакананы, што гэта прывядзе новыя крыніцы. Я ўжо атрымаў некалькі мэйлаў з інфармацыяй пра справу Шарамета.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?