Алег і Таццяна Малашчанкі. Фота з сямейнага архіва

Алег і Таццяна Малашчанкі. Фота з сямейнага архіва

Алег Малашчанка ў пачатку новага года атрымаў позву з'явіцца ў суд 14 студзеня. Пра дакумент расказала жонка, якая засталася ў кватэры. Самога ж Алега яшчэ 30 снежня дэпартавалі ў Расію, пашпарт якой ён мае, хоць з 2004 года жыве ў Баранавічах. Дзяржаўныя органы зрабілі гэта, не чакаючы рашэння суда па справе, піша «Інтэкс-прэс».

1 снежня Малашчанка падаў апеляцыйную скаргу на рашэнне аддзела па грамадзянстве і міграцыі Баранавіцкага ГАУС у Брэсцкі абласны суд, але да сваёй дэпартацыі адказу не атрымаў. Таксама загадзя ён напісаў у Баранавіцкі ГАУС ліст аб тым, што ён не можа выканаць патрабаванні аддзела па грамадзянстве і міграцыі, пакуль не прыйдзе адказ на апеляцыю.

У вызначэнні Баранавіцкага суда сказана, што справа аб высылцы прыпыненая, пра гэта распавяла Таццяна Малашчанка, жонка Алега. Яна ўпэўнена, што аддзел па грамадзянстве і міграцыі Баранавіцкага ГАУС «спецыяльна выслаў мужа з краіны да таго, як мы атрымалі дакумент з суда».

Сям’я Малашчанкаў удзельнічала ў шэрагу нацыянальных праектаў у Баранавічах, дамаглася адкрыцця беларускамоўнага класа ў горадзе. Пасля прэзідэнцкіх выбараў улады палічылі Алега Малашчанку адным з завадатараў страйку на 558-м авіярамонтным заводзе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0