Аляксандр Лукашэнка пашырыў паўнамоцтвы сваіх памочнікаў-інспектараў па абласцях і Мінску.
У прыватнасці, яны надзяляюцца правамі прыцягваць да выканання даручэнняў Лукашэнкі дзяржаўныя органы і арганізацыі, у тым ліку сістэмы забеспячэння бяспекі, пры прад'яўленні службовага пасведчання бесперашкодна ўваходзіць на тэрыторыю і ў памяшканні дзяржаўных органаў і арганізацый. У выпадку выяўлення фактаў безгаспадарчасці, парушэнняў заканадаўства, вытворча-тэхналагічнай, выканальніцкай і працоўнай дысцыпліны памочнікі Лукашэнкі могуць хадайнічаць перад дзяржаўнымі органамі і арганізацыямі аб прыцягненні да дысцыплінарнай адказнасці або прымяненні іншых мер уздзеяння ў дачыненні да службовай асобы, у рашэннях або дзеяннях (бяздзейнасці) якой угледжваюцца парушэнні.
Акрамя таго, на памочнікаў Лукашэнкі — інспектараў па абласцях і Мінску — ускладаюцца дадатковыя функцыі: па выяўленні ў рэгіёнах крыніц і фактараў, якія ствараюць пагрозу нацыянальнай бяспецы, па кантролі, аналізе і прагназаванні грамадска-палітычных і сацыяльна-эканамічных працэсаў, унясенні прапаноў па забеспячэнні ўнутрыпалітычнай стабільнасці ў рэгіёне, у тым ліку аб умацаванні правапарадку, і іншыя.