Пятро і Маргарыта Кірык.

Пятро і Маргарыта Кірык.

Маскоўскі суд горада Мінска ўпершыню ў Беларусі задаволіў скаргу на пастанову аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы па катаваннях у жніўні. Суддзя Лідзія Цяліца адмяніла пастанову следчага і накіравала копію пастановы ў Маскоўскі раённы аддзел Следчага камітэта для правядзення дадатковай праверкі па факце нанясення цялесных пашкоджанняў супрацоўнікамі органаў унутраных спраў Пятру Кірыку, паведамляюць праваабаронцы.

Мінчука Пятра Кірыка затрымалі 12 жніўня, каля 23.15, калі ён выходзіў з сябрам з аўтобуса (паміж станцыямі метро Малінаўка і Пятроўшчына). Хлопцу было 16 гадоў (цяпер яму споўнілася 17), аднак гэта не спыніла АМАП ва ўжыванні да яго сілы.

Праверку па заяве аб прычыненні Пятру Кірыку цялесных пашкоджанняў супрацоўнікамі органаў унутраных спраў праводзілі ў Маскоўскім раённым аддзеле Следчага камітэта. Па яе выніках пастановай следчага В. Ю. Бялькевіча ва ўзбуджэнні крымінальнай справы ў дачыненні да супрацоўнікаў ОУС па ч. 3 арт. 426 Крымінальнага кодэкса было адмоўлена ў сувязі з адсутнасцю ва ўчынку складу злачынства. Следчы зрабіў выснову, што «падчас правядзення праверкі якіх-небудзь адназначна трактаваных звестак аб здзяйсненні ў дачыненні да Кірыка П. С. супрацьпраўных дзеянняў з боку супрацоўнікаў праваахоўных органаў не здабыта».

Мама Пятра лічыць, што высновы следчага абсалютна неабгрунтаваныя як з фактычнага, так і з прававога пункту гледжання і прама супярэчаць абставінам, якія яе сын выклаў у ходзе праверкі.

У скарзе таксама сказана, што Пятро не прымаў удзелу ў мерапрыемстве, не аказваў супраціву, але супрацоўнікі ўсё роўна ўжылі супраць яго фізічную сілу і спецыяльныя сродкі. Судова-медыцынская экспертыза пацвердзіла цялесныя пашкоджанні ў маладога чалавека: шматлікія сінякі і ранкі, якія маглі ўтварыцца не менш чым ад 25 траўмуючых уздзеянняў. Апісаныя Пятром абставіны відавочна сведчаць аб незаконным ужыванні фізічнай сілы і спецыяльных сродкаў супрацоўнікамі органаў унутраных спраў.

На пасяджэнні Пятро Кірык падтрымаў скаргу, лічыць сваё затрыманне незаконным. Ён неаднаразова казаў тым, хто збіваў яго, што ён непаўналетні.

Адвакат падтрымала скаргу, падрабязна асвятліла матэрыялы скаргі і вынікі праверкі. Адзначыла, што факт прыцягнення да адказнасці па арт. 23. 34 не вызваляе следчага ад праверкі мэтазгоднасці прымянення спецсродкаў. Прасіла аб адмене пастановы і накіраванні матэрыялаў на дадатковую праверку.

Пракурор падтрымаў адмену пастановы, мяркуе яе вынясенне заўчасным.

Аналізуючы пастанову, суд знайшоў яе заўчаснай і сказаў, што яна падлягае адмене.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0