Журналіста інтэрнэт-выдання «Першы рэгіён» Сяргея Гардзіевіча затрымалі 22 снежня па дарозе з Драгічына ў Брэст. Пазней у яго кватэры адбыўся ператрус, а ён быў затрыманы ў якасці падазраванага па крымінальнай справе па арт. 368 КК (абраза прэзідэнта). 25 снежня ў дачыненні да Сяргея Гардзіевіча была абраная мера стрымання ў выглядзе хатняга арышту.

4 снежня пры спробе выехаць за межы Беларусі быў затрыманы Дзмітрый Кулакоўскі, які пазней быў змешчаны пад варту ў СІЗА Жодзіна ў межах заведзенай у дачыненні да яго крымінальнай справы па арт. 369 КК (абраза прадстаўніка ўлады).

Дзмітрый Кулакоўскі быў начальнікам крымінальнага вышуку Заводскага РУУС Мінска, адкуль звольніўся пасля прэзідэнцкіх выбараў у сувязі з нязгодай з дзеяннямі ўлады. У кастрычніку ён быў затрыманы супрацоўнікамі Службы ўнутранай бяспекі МУС і амаль месяц правёў у ЦІП, дзе адбываў адміністратыўныя арышты за нібыта непадпарадкаванне патрабаванням службовай асобы. 

«У сувязі з гэтым, падтрымліваючы раней выказаную намі ў заяве ад 22 снежня 2020 г. пазіцыю адносна дэкрыміналізацыі дыфамацыі, спынення пераследу і вызвалення ўсіх палітвязняў, асуджаных за паклёп ці абразу службовых асоб, дзяржаўных чыноўнікаў і прэзідэнта, знявагу дзяржаўных сімвалаў, а таксама ўлічваючы тое, што Сяргей Гардзіевіч і Дзмітрый Кулакоўскі ізаляваныя (пазбаўлены волі) да суда, мы прызнаем іх пераслед палітычна матываваным, а іх саміх, у адпаведнасці з п. 3.1(а) Кіраўніцтва па вызначэнні паняцця «палітычны зняволены», палітычнымі зняволенымі», — гаворыцца ў заяве праваабаронцаў. Яны патрабуюць неадкладнага вызвалення Сяргея Гардзіевіча і Дзмітрыя Кулакоўскага.

Усяго ў Беларусі ўжо 169 палітвязняў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0