Следчы камітэт адмовіў у задавальненні хадайніцтваў старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэя Бастунца і галоўнай рэдактаркі газеты «Новы Час» Аксаны Колб аб вызваленні журналісткі «Белсата» Дар’і Чульцовай пад асабістую паруку, паведамляе БАЖ.
Следчы Кудзеля ў сваёй пастанове называе хадайніцтвы Андрэя Бастунца і Аксаны Колб неабгрунтаванымі і нематываванымі.
Акрамя гэтага, следчы адзначае, што ў выпадку вызвалення Чульцова можа схавацца ад следчых органаў і суда, а таксама перашкаджаць папярэдняму расследаванню крымінальнай справы.
Пра рашэнне следчых наконт хадайніцтва аб вызваленні другой журналісткі — Кацярыны Андрэевай (Бахвалавай) — пакуль невядома, хаця яно было накіравана ў СК некалькі тыдняў таму.
Журналісткі Кацярына Андрэева і Дар’я Чульцова знаходзяцца за кратамі з 15 лістапада, калі былі затрыманыя пасля жывой трансляцыі для «Белсата» з разгону сілавікамі акцыі ў Мінску. Іх вінавацяць у арганізацыі групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак (арт. 342 КК РБ).