Беларускі фонд спартыўнай салідарнасці атрымаў адказ ад ІІХФ на ліст адносна пераносу чэмпіянату свету па хакеі 2021 года. Бакі правядуць працоўную сустрэчу пасля чацвёртага студзеня, паведамляе БФСС.

У лісце ад ІІХФ таксама паведамляецца, што дысцыплінарная камісія Міжнароднай федэрацыі пачала расследаванне адносна старшыні Федэрацыі хакея Беларусі Дзмітрыя Баскава.

Раней фонд заклікаў ІІХФ разгледзець пытанне аб прыцягненні да дысцыплінарнай адказнасці Баскава ў сувязі з дзеяннямі, якія груба ганьбяць рэпутацыю хакея як віду спорту, адзначае Tut.by.

Нагадаем, што чалавек, падобны да Дзмітрыя Баскава, знаходзіўся на плошчы Перамен падчас канфлікту, пасля якога трапіў у бальніцу, а пазней памёр ад атрыманых траўмаў Раман Бандарэнка.

Пазней быў апублікаваны аўдыязапіс тэлефоннай размовы, падчас якой абмяркоўваліся дэталі канфлікту. Фанаскапічная экспертыза пацвердзіла, што галасы на аўдыязапісе належаць Дзмітрыю Баскаву і кікбаксёру Дзмітрыю Шакуце.

Таксама БФСС у сваім лісце да ІІХФ распавёў пра «ўдзел Баскава ў агітацыйных акцыях у падтрымку Лукашэнкі з выкарыстаннем алімпійскай сімволікі, дэманстратыўнае распіццё ім моцнага алкаголю на фоне алімпійскай сімволікі і ціск на спартоўцаў і супрацоўнікаў, якія выказваюць сваю грамадзянскую пазіцыю».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0