Звычайныя мінскія школьнікі Іра і Юра, трапілі ў тэлеграм-канал «Пул Першага»: там апублікавалі фота, на якіх дзеці робяць сэлфі з Аляксандрам Лукашэнкам.
Іра справа
Сёння дзяцей збіралі на так званую галоўную ялінку краіны. Мерапрыемства праходзіла ў Палацы рэспублікі.
На ім з’явіўся і Лукашэнка. Ён выступіў з кароткай прамовай, пасля чаго заняў месца ў залі. Калі мерапрыемства скончылася, Лукашэнка фатаграфаваўся з дзецьмі. Дакладней, дзеці рабілі з ім сэлфі.
Юра, брат Іры
«Наша Ніва» пагаварыла з мамай, чые двое дзяцей трапілі на здымкі «Пула Першага».
«Іра і Юра — двайняткі. Яны вучацца ў шостым класе звычайнай мінскай школы 125, — распавяла Наталля, маці дзетак. — У іх клас музычны: ёсць танцавальны ансамбль. А так абсалютна звычайная школа.
Іра з Юрай круглыя выдатнікі, вучацца на 9 і 10. Акрамя таго, займаюцца акрабатыкай, маюць нават разрады. Пастаянна выступаюць за школу на спартыўных спаборніцтвах, спяваюць, танцуюць. У школе ёсць ансамбль — Юра з Ірай там вядучыя танцоры.
Дзяцей запрашалі на прэзідэнцкую ялінку яшчэ летась. Але мы ехалі на лецішча — ну і адмовіліся. А сёлета пазваніў класны кіраўнік, запрасіў. З іх класа дакладна больш нікога не паклікалі, са школы — не ведаю.
Я з імі на мерапрыемства не ездзіла. Дзеці прыйшлі ў школу і, наколькі я ведаю, з імі паехаў на ялінку завуч.
А пасля дзеці вярнуліся ў школу — у іх другая змена, сёння яшчэ заняткі.
Я сама яшчэ з імі не гаварыла, але бачыла, што дачка ўжо выклала фотачкі ў інстаграме.
Дзецям было прыемна, што іх запрасілі, бо іх заслугі ацанілі. Яны сапраўды вельмі стараюцца, заўсёды найлепшыя вучні ў класе. Спаборнічаюць паміж сабою за першае месца. Яны спачатку нават трохі расстройваліся, што праз ялінку не змогуць пайсці ў школу. Я прапаноўвала ім, што, можа, варта адпрасіцца з заняткаў, дзеці строга адказалі: не, нам верш трэба расказваць на беларускай літаратуры!
Яны да вучобы ставяцца сур’ёзна. Маюць канкрэтныя мэты ў жыцці — хочуць стаць стаматолагамі. І ведаюць, што для гэтага трэба вучыцца добра».
Але чаму дзеці без масак? Тым больш яны як будучыя дактары мусяць ведаць усю небяспечнасць каранавіруса.
«Маскі ў іх з сабой дакладна былі. Я раніцай выдала кожнаму. Найхутчэй, знялі маскі чыста для сэлфі. Бо дзеці разумеюць, што такое каранавірус, бачаць, як усё сур’ёзна. Мы з імі сёлета ездзілі ў Турцыю, яны бачылі, як там сур’ёзна ставяцца да мер бяспекі, мераюць тэмпературу. І ў нас ёсць пажылыя бабулі, таму дзеці таксама сочаць за бяспекай. У дачкі дакладна пастаянна з сабою ёсць санітайзер, каб апрацоўваць рукі», — кажа Наталля.
Пра сваё стаўленне да Лукашэнкі яна гаварыць не захацела.
«За каго я галасавала — да справы дачынення не мае. Сёння мы ў сям’і займаем нейтральную пазіцыю. Усё жыццё я працую на сябе, жыву тут і з’язджаць не збіраюся, хачу, каб дзеці тут жылі. Але дзецьмі мы ганарымся. І гэтае запрашэнне падымае іх нацыянальны дух. Гэта рэальна крута», — паведаміла Наталля.





