19 снежня ў мінскім мікрараёне Лебядзіны затрымалі трох мужчын, якія выйшлі на сустрэчу з суседзямі. Аднаго з іх павезлі ў РУУС разам з дзецьмі і пазней адпусцілі. Двум іншым давялося правесці выходныя на Акрэсціна. Сярод іх — і Мікалай Шуркаеў, якому давялося пакінуць каляску з 9-месячным сынам, каб праехаць з сілавікамі ў аддзяленне, піша Tut.by.

Мікалай Шуркаеў — бацька траіх дзяцей, самаму малодшаму — усяго дзевяць месяцаў. Як распавядала яго жонка Ірына, муж выйшаў з дзіцем на прагулку прыкладна а 20 гадзіне. Сказаў, што ненадоўга. Праз гадзіну ў дзверы патэлефанавала суседка і паведаміла, што Міколу затрымалі, а дзіця павінны прывезці іншыя людзі.

Справу Мікалая Шуркаева разглядаюць у судзе Цэнтральнага раёна Мінска. Працэс вядзе суддзя Дзмітрый Карсюк. У залі — жонка Мікалая Ірына, сябры, калегі і адвакат. Сам Мікалай знаходзіцца ў ізалятары ў 1-м завулку Акрэсціна і дае паказанні па відэасувязі.

Пра сябе Мікалай Шуркаеў распавядае: нарадзіўся ў 1981 годзе, адукацыя — вышэйшая, працуе дырэктарам кампаніі. Разам з жонкай яны выхоўваюць траіх дзяцей: старэйшай дачцэ 11 гадоў, сярэдняму сыну 7 гадоў, малодшаму — 9 месяцаў.

Па пратаколе міліцыі, 19 снежня, у перыяд з 20.50 да 21.00, ён знаходзіўся каля дома на праспекце Пераможцаў, 127 і наўмысна парушыў Закон Аб масавых мерапрыемствах.

З пратаколам Мікалай не пагадзіўся і растлумачыў: у гэты час ён вяртаўся з прагулкі з сынам і рухаўся ў бок «Віталюра».

Мікалай заявіў аб двух хадайніцтвах. Першае — далучыць да матэрыялаў справы пратакол агляду рэчаў іншых затрыманых. Другое — звярнуць увагу, што ў руках у яго была каляска, якую сведка не заўважыў, а гэта максімальна бачная дэталь.

Пасля невялікага перапынку суддзя Дзмітрый Карсюк вынес рашэнне: прызнаць Мікалая вінаватым і прызначыць штраф у памеры 810 рублёў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?