У судзе Першамайскага раёна разбіраюць справы затрыманых учора ксяндза Віктара Жука, грэка-каталіцкага святара Аляксея Варанко і іх сябра Аляксея Каракова, паведамляе Радыё Рацыя.
Усіх траіх міліцыянты затрымалі ўчора непадалёк ад гандлёвага цэнтра «GREEN» і склалі пратаколы за несанкцыянаванае пікетаванне. Падчас судовых працэсаў, якія праз скайп вёў суддзя Міхаіл Юрчанка, усе трое тлумачылі, што не ладзілі пікет, а маліліся за жыхароў Беларусі. Пры гэтым Аляксей Варанко трымаў бел-чырвона-белы сцяг.
Суд пастанавіў, што ў дакументах спраў недастаткова звестак, каб прыняць рашэнне. Таму афіцыйныя паперы накіравалі на дапрацоўку ў Першамайскі РАУС. У ізалятары часовага ўтрымання сваякам падсудных паведамілі, што яны вольныя. Дата працягу судовага працэсу пакуль невядомая.