Раніцай 9 снежня ад каранавіруса памёр першы прэм’ер-міністр Беларусі Вячаслаў Кебіч.

Сваімі ўспамінамі пра Кебіча з «НН» падзяліўся дэпутат Вярхоўнага Савета XII склікання, гісторык Валянцін Голубеў.

Вячаслаў Кебіч. Фота mlyn.by.

Вячаслаў Кебіч. Фота mlyn.by.

«Вячаслаў Францавіч — гэта была асоба ў найноўшай гісторыі Беларусі. Канечне, ён не склаўся як нацыянальны дзеяч.

Усё ягонае жыццё ад 90-х гадоў паказвала шараханні: ён ніколі не выступаў адкрыта супраць беларускай дзяржаўнасці, падтрымаў прыняцце сваёй сімволікі. Але, на жаль, ён як стары камуніст бачыў нашы перспектывы толькі ў саюзе з Расіяй.

Ён свядома падпісаў Белавежскія пагадненні аб развале СССР, а потым казаў, што не падпісваў ці не хацеў падпісваць. Разумееце, такая дваістасць. Адзін час ён лічыў, што правільна робіць вось гэта, а потым — іншае. Ён вырас у той сістэме, і яму цяжка было стаць лідарам незалежнай дзяржавы, хоць лёс яго на гэтую пасаду штурхаў.

Кебіч вялікіх подласцяў не рабіў. Я ўвогуле не помню, каб з яго боку ці боку ўлады рабіліся нейкія подласці. Так, ішла спроба абараніць старую сістэму, але ён не дапякаў, не знішчаў апанентаў. Па сутнасці, і першыя прэзідэнцкія выбары, якія прайшлі пад арганізацыяй Кебіча ў 1994 годзе, былі дэмакратычнымі. Ён не выкарыстаў адміністрацыйны рэсурс у тым аб’ёме, у якім мог б.

Я не памятаю, каб ён, у адрозненні ад іншага палітыка, казаў нешта кепскае пра Беларусь. Я ўпэўнены, што Кебіч бы мог знайсці сабе месца, каб БНФ тады перамог. Ён быў дасведчаны гаспадарнік. Можа, больш дасведчанага ў сістэме дзяржаўнага кіравання і не было на той момант».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?