Саліст хору «Унія» Аляксандр Шык і яго жонка Марына выхоўваюць трох сыноў. Малодшы з іх — прыёмны, ён жыве ў сям’і ўжо пяць год. Але пасля таго, як бацькі пабывалі ў ізалятары, органы апекі прыгразілі забраць падлетка.

Сям'я Аляксандра і Марыны Шык. Максім — крайні злева

Сям'я Аляксандра і Марыны Шык. Максім — крайні злева

Марына расказвае, як Максім з’явіўся ў іх сям’і:

«Раней у яго была прыёмная маці, але яна памерла. Перад гэтым паспела ўладкаваць дзіця ў санаторый у Астрашыцкім гарадку (дзіцячая бальніца медыцынскай рэабілітацыі. — НН). Адтуль мы Максіма і забралі, ён не паспеў патрапіць ў дзіцячы дом».

За гэтыя гады яны сталі вельмі блізкія адно аднаму. Максім нават памяняў пашпарт — сам захацеў мець прозвішча прыёмных бацькоў. Хлопцу цяпер 17, ён вучыцца ў 11 класе.

Праблемы пачаліся пасля затрыманняў. Па Марыну прыехалі 30 кастрычніка.

«Прыйшлі дадому супрацоўнікі міліцыі, спыталі, з кім пражываю. Сказалі, што мой тэлефон зафіксаваны на масавым мерапрыемстве, таму трэба праехаць у аддзяленне міліцыі: магчыма, я пазнаю сябе на фота і відэа. Ніякіх здымкаў мне, канечне, не паказалі. Завезлі спачатку ў Цэнтральнае РУУС, а потым на Акрэсціна».

Марыну затрымалі ў пятніцу, а ў панядзелак Аляксандр паехаў у суд, каб даведацца расклад пасяджэнняў. Там да яго падышлі міліцыянты — забралі і склалі пратакол па артыкуле 23.34.

Напісалі, што Аляксандр удзельнічаў у акцыі ў оперы: спяваў «Магутны Божа», размахваў сцягам і крычаў «Жыве Беларусь». За гэта салісту хору далі 15 сутак. А яго жонку адпусцілі з ізалятара ў той жа дзень са штрафам 810 рублёў.

Сям’ёй зацікавіліся ва ўпраўленні адукацыі адміністрацыі Партызанскага раёна. Спачатку званілі Марыне (але яна не змагла адказаць — муж пасля яе затрымання на ўсякі выпадак схаваў тэлефон), потым у школу. Запрасілі на гутарку.

«Ва ўпраўленні адукацыі адразу сказалі: маўляў, калі вы ўпэўнены ў сваёй рацыі, звяртайцеся, мы вам дапаможам, але не верым, што вы ні ў чым не вінаватая.

І дадалі, што як толькі мая пастанова суда ўступіць у сілу, то яны разрываюць са мной дамову як з прыёмнай маці і забіраюць дзіця з сям’і. Пакуль рашэнне не ўступіла ў сілу, я падала на абскарджванне, паўторнага суда яшчэ не было», — дзеліцца Марына.

У школе на яе і сына склалі добрую характарыстыку, органы апекі, якія непасрэдна курыруюць сям’ю, таксама далі ім станоўчую ацэнку.

Ад Максіма бацькі не хаваюць сітуацыю.

«Ён у нас верыць. Мы яму кажам: самае галоўнае, што мы цябе любім і нікуды не аддамо. З астатнім разбяромся».

«Наша Ніва» звязалася з начальніцай упраўлення адукацыі адміністрацыі Партызанскага раёна Веранікай Рудай.

«Заканадаўства не дазваляе разарваць дамову аб прыёмнай сям’і па здзяйсненні адміністрацыйнага правапарушэння», — сказала яна. Па законе насамрэч скасаваць дамову па ініцыятыве органаў апекі можна ў выпадку здзейсненага бацькамі злачынства (а не правапарушэння). 

Беларускі фонд культурнай салідарнасці ў супрацы з міжнароднымі партнёрамі займаецца гэтай сітуацыяй.

У падтрымку хора «Унія» фонд ладзіць 21 лістапада анлайн-трансляцыю іх канцэрта з Чырвонага касцёла.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?