Сабралі для вас асноўныя падзеі за панядзелак, 26 кастрычніка.

На заклік Святланы Ціханоўскай пра агульнанацыянальную забастоўку адгукнуліся сотні малых і сярэдніх прыватных прадпрыемстваў, пераважна сферы паслуг і ІТ. Не працавалі піцэрыі Dominos і Піца-Лісіца, афлайн-крамы oz.by, «Стрымлайн» адмяніў заняткі. Страйк падтрымалі будаўнікі «Лазурыта». На вуліцы выходзілі медыкі мінскіх бальніц.

З вялікіх дзяржаўных прадпрыемстваў забастовачную актыўнасць праявілі толькі Мінскі электратэхнічны завод і «Гродна Азот». На апошнім сілавікі затрымалі 32 працоўных.

На астатніх заводах справа абмежавалася сходамі рабочых і сыходам адзінкавых работнікаў на адгулы ці за свой кошт, хоць аўтазакі дзяжурылі каля ўсіх галоўных прадпрыемстваў Мінска.

Ва ўніверсітэтах адбыліся самыя шматлікія за час пратэстаў выступы. Вядома пра дзясяткі затрыманых студэнтаў, асабліва жорстка вінцілі тэхнароў каля БДУІР і БНТУ. Агульная лічба затрыманых за сёння набліжаецца да 500, у дадатак да 523 затрыманых учора.

Нягледзячы на налёты АМАПа, студэнты далучыліся да Маршу пенсіянераў, колькасць удзельнікаў якога перавысіла 5000 чалавек.

Супраць бастуючых у Парку высокіх тэхналогій былі ўжытыя спецсродкі.

Стала вядома пра акты дробнага сабатажу на чыгунцы. Толькі ў першай палове дня было шэсць выпадкаў закарочвання рэйкавых ланцугоў дротам — на перагонах каля Калядзіч, Жодзіна, Памыслішча, Сцяпянкі, Рудзенска.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?