21 кастрычніка судзьдзя Менскага гарадзкога суду Дзіяна Кучук адмяніла пастанову суду Маскоўскага раёну Менску адносна актывісткі Галіны Лагацкай і адправіла яе справу на разгляд іншага судзьдзі, піша «Свабода».

Раней судзьдзя Вольга Малашэнка прысудзіла актывістцы 7 сутак адміністрацыйнага арышту за ўдзел у пікеце 14 верасьня каля Чырвонага касьцёла.

Жанчына на судзе не прызнала віны, а па выхадзе з ізалятара аспрэчыла пастанову ў Менскім гарадзкім судзе. Сёньня на разглядзе скаргі Галіна Лагацкая даводзіла, што яе судзілі са шматлікімі парушэньнямі.

«14 верасьня каля Чырвонага касьцёла праходзіў пікет пратэстоўцаў, а я там зьбірала подпісы пад лістом у «Белтэлерадыёкампанію». Зьявіліся міліцыянты, затрымалі некалькі дзяўчат, я ж спрабавала давесьці, што яны не парушалі закону. І мяне таксама прыхапілі. Але судзілі потым нават без апытаньня сьведак, усе факты былі перакручаныя. Ёсьць відэа, якое пацьвярджае мае словы, таму, спадзяюся, і на новым працэсе дамагуся праўды», — сказала пасьля працэсу ў гарадзкім судзе Галіна Лагацкая.

20 кастрычніка Галіна Лагацкая выйшла з цэнтру ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсьціна пасьля адбыцьця іншага пакараньня — 15 сутак за ўдзел у першым Маршы пэнсіянэраў. «Буду абскарджваць і тую пастанову», — сказала актывістка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?