29 жніўня Наталлю Раентаву і яе брата Аляксандра амапаўцы жорстка затрымалі ў тралейбусе. Маладыя людзі былі ўдзельнікамі суботняга жаночага маршу, за што іх пакаралі адміністратыўным арыштам.
Як паведамляе Tut.by, цяпер на Наталлю завялі і крымінальную справу: паводле пракуратуры, жанчына нібыта ўчыніла супраціў пры затрыманні і ўкусіла супрацоўніка міліцыі за левае сцягно. Наталля знаходзіцца пад вартай.
Згодна з пратаколамі аб адміністрацыйным правапарушэнні, 29 жніўня Наталля і Аляксандр Раентавы прынялі ўдзел у несанкцыянаваным мітынгу: сабраліся ў загадзя вызначаным месцы і абмяркоўвалі дзейную ўладу і грамадска-палітычнае жыццё — у той дзень у Мінску праходзіў жаночы марш. Калі людзей пачаў адсякаць АМАП, Наталля і яе брат забеглі ў тралейбус. Праехалі прыпынак, пасля чаго ў салон забеглі «людзі ў чорным», якія пачалі іх выцягваць.
«Я спалохалася так, што абас******, але мне ўжо было ўсё роўна, — патлумачыла Наталля ў судзе. — Пачала хапацца за поручань, у мяне быў стан шоку. Потым сказалі, што я аказала непадпарадкаванне. Калі б да мяне падышлі супрацоўнікі ў форме, усё растлумачылі — гэта адно, а людзі ў чорных масках — іншае, гэта вельмі страшна».
Згодна з рапартам камандзіра аддзяленняў 4-й аператыўнай роты АМАП Хоміча, байцы ўжылі сілу: за рукі і ногі вынеслі затрыманых з тралейбуса і даставілі ў службовую машыну. Суд прызначыў і брату, і сястры пакаранне ў выглядзе адміністрацыйнага арышту.
Затрыманне Раентавых знялі на відэа відавочцы ў тралейбусе, відаць, як пасажыры крычаць і просяць міліцыю выйсці: «Тут дзеці!», «Што вы робіце!»
Наталлі 29 гадоў, па спецыяльнасці яна інжынер-праграміст. У матэрыялах адміністрацыйнай справы, у тым ліку па факце непадпарадкавання супрацоўнікам міліцыі, пра ўкус сцягна не згадвалася.
21 кастрычніка стала вядома, што ў дачыненні да Наталлі заведзеная крымінальная справа па арт. 364 КК (Гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў, караецца арыштам ці абмежаваннем волі на тэрмін да пяці гадоў або пазбаўленнем волі на тэрмін да шасці гадоў).





