Белсат

Белсат

За ўдзел у акцыях пратэсту ў Магілёве аштрафавалі былую галоўную рэдактарку гарадскога тэлебачання «2 канал» Алену Барысаву. Алена прызнала, што сапраўды ўдзельнічала ў шэсцях і патлумачыла суддзі, чаму, піша Tut.by.

Суд над Аленай Барысавай прайшоў 21 кастрычніка. Ёй інкрымінавалі ўдзел у трох несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах: 23 і 30 жніўня, а таксама 13 верасня. Барысава пацвердзіла ў судзе, што сапраўды ўдзельнічала ў пратэстах.

— Я з гонарам прыняла ўдзел у гэтых шэсцях, таму што за 30 гадоў упершыню адчула, што з’явілася нацыя свабодных людзей, — сказала суддзі Барысава.

Суд аштрафаваў яе на 20 базавых велічынь, або 540 рублёў.

Гарадское тэлебачанне «2 канал» — адзіны камерцыйны тэлеканал у Магілёве. Пры Алене Барысавай ён рэгулярна рабіў навінавыя выпускі і праграмы пра горад, часам — вобласць, а таксама праекты на розныя тэмы. Пасля сыходу Барысавай і яе каманды журналістаў восенню 2015 года праз нязгоду з меркаваннем уладальніка тэлеканала наконт умоў працы «2 канал» кардынальна змяніў сваю працу.

Зараз Алена Барысава працуе ў музеі гісторыі Магілёва. Дырэктара ўстановы, Аляксея Бацюкова, 16 кастрычніка аштрафавалі на 621 рубель — таксама за ўдзел ў трох мітынгах пратэсту.

Бацюкоў не адмаўляў факт удзелу ў «несанкцыянаваных мітынгах», але не прызнаў сябе правапарушальнікам. «Рэалізоўваў канстытуцыйнае права на публічнае выказванне свайго меркавання», — заявіў ён у судзе. Свой удзел у акцыях дырэктар музея аргументаваў парушэннем закона падчас выбараў. Акрамя таго, па яго словах, як гісторыку, яму было неабходна зафіксаваць гістарычныя падзеі.

Раней дырэктар музея разам з шасцю падначаленымі падпісаў адкрыты ліст, у якім асуджалася «нематываваная жорсткасць супрацоўнікаў праваахоўных органаў», і адзначалася, што «грамадзяне не адчуваюць сябе ў бяспецы». Сярод патрабаванняў была адстаўка Лукашэнкі.

Дзякуючы кіраўніцтву і калектыву музея ў Магілёў удалося вярнуць каштоўныя экспанаты. Самы характэрны - Статут Вялікага Княства Літоўскага.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0