У канцы верасня праўладныя тэлеграм-каналы звярнулі ўвагу на яркага дэманстранта ў Баранавічах. На мірнай акцыі пратэсту ён ішоў у турэмнай робе і нёс плакат на трасянцы «Шо-та мне не нравится здешний режим».

«33-гадовы ўраджэнец Азербайджана выкрыкваў лозунг «Гэты горад наш», — кпілі тролі.

«Наша Ніва» знайшлі хлопца, яго завуць Самір Гулу-Задэ.

Самір сапраўды нарадзіўся ў азербайджанскім горадзе Гянджа. Дзед Саміра прымаў удзел у Другой сусветнай вайне. Бацька, якога звалі Зал, выкладаў музыку ў кансерваторыі. Калі пачаўся канфлікт у Карабаху, то Зал сышоў на вайну, дзе і загінуў. 

Пасля смерці бацькі сям’я пераехала на радзіму мамы, у Баранавічы. Саміру на той момант было толькі паўтара года. Памятаючы пра бацьку і дзеда, Самір марыў звязаць лёс з войскам ці міліцыяй.

«Паступаў у Сувораўскае вучылішча, але не паступіў. Служыў ва ўнутраных войсках у Аколіцы, в/ч — 3310. Вярнуўся з арміі старшынёй. Калі прыйшоў з войска, то хацеў уладкавацца ў міліцыю, але здарылася так, што

мяне парэзалі нажом. Гэта было ў цэнтры горада, ішла група фанатаў, адзін з якіх і нанёс удар. Гэта адбывалася выключна па нацыянальнай прыкмеце, я неаднаразова сутыкаўся з такім у Беларусі», — кажа Самір.

У міліцыю заяву на нападніка ён не пісаў. «Пашкадаваў родных хлопца.

Ведаеце, мы цяпер сябруем з ім. Я папрасіў сваіх сяброў неяк пакараць хулігана. І яны пакаралі, абавязалі штодня насіць мне ў бальніцу па два апельсіны».

Пакуль Гулу-Задэ адыходзіў у бальніцы ад траўмы, яго каштоўнасці змяніліся, больш пра службу ў міліцыі ён не марыў. З адукацыі хлопец будаўнік, скончыў у Баранавічах вучэльню №61, ездзіў на заробкі ў Расіі.

Калі вярнуўся ў Беларусь, то стаў сябрам Руху «За Свабоду».

«Перамен хацелася, я не дужа арыентаваўся ў палітычных сілах. Я сам пацыфіст, прыхільнік міру. Хочацца, каб была такая палітычная сіла, якая будзе не адстойваць інтарэсы ні Захаду, ні Усходу, а толькі нашы, беларускія».

На акцыі пратэсту Самір стаў хадзіць пасля таго, як убачыў тую жорсткасць, з якой сілавікі разганялі мірныя дэманстрацыі. «Гэта быў карнавальны касцюм, я праз гумар хацеў дагрукацца да людзей, каб яны ішлі, бачылі мяне, усміхаліся».

У выніку Гулу-Задэ быў затрыманы і асуджаны да 10 сутак арышту, хаця прасіў суддзю пакараць яго штрафам. Пасля прысуду хлопец ударыўся галавой аб стол, каб прадэманставаць, што ён не згодны з прысудам, але пры гэтым шкоду гатовы наносіць толькі сабе. Выклікалі хуткую дапамогу.

«Гэта быў не суддзя, і гэта быў не суд. Ніякіх доказаў таго, што я нешта парушаў, у іх не было, але мяне асудзілі. Гэта выклікала моцнае расчараванне. І ІЧУ ў цэлым былі добрыя ўмовы, ставіліся да нас па-чалавечы. У Баранавічах яшчэ шмат людзей, што не згубілі сваю годнасць. Псіхалагічна было цяжка, але не шкадую абсалютна ні аб чым, што зрабіў».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?