Фота: Кацярына Гардзеева, Tut.by

Фота: Кацярына Гардзеева, Tut.by

Невялікая гродзенская кавярня-кандытарская «Любоў Тартова», якая знаходзіцца ў дварах старога цэнтра і пра якую многія тутэйшыя раней нават і не чулі, нечакана стала знакамітай. На мінулым тыдні тут адмовіліся зрабіць торт, які хацелі замовіць прыхільнікі дзейнай улады ў падтрымку мясцовага АМАПа.

Інфармацыя пра сітуацыю спачатку з'явілася ў адным з праўладных чатаў: карыстальнік напісаў, што ўстанову трэба «абыходзіць бокам». А ў іншых гарадскіх і дваровых чатах гарадзенцы з іншымі поглядамі, наадварот, вырашылі падтрымаць кавярню — і за пятніцу там скупілі ўсе торты і пірожныя, піша Tut.by.

Усю пятніцу ў кавярню ішлі людзі. У выніку ўжо пасля абеду на прылаўках не засталося ні тартоў, ні пірожных, а гарадзенцы ўсе ішлі і ішлі.

Прадавец кандытарскай — гэта менавіта яна напярэдадні адмовілася прымаць замову на торт у падтрымку АМАПа з адпаведнымі надпісамі — кажа, што такая папулярнасць для ўстановы стала нечаканасцю і для яе, і для ўласнікаў установы. З аднаго боку, кажа жанчына, прымаючы такое рашэнне, яна проста хацела быць «па-за палітыкай», з другога — цяпер у кавярні асцерагаюцца, што сюды могуць зачасціць праверкі, з трэцяй жа — вядома, вельмі прыемная такая падтрымка гродзенцаў.

— У звычайныя дні ў нас продажы сярэднія, можна сказаць. У Дзень маці было крыху лепш, а цяпер скупілі практычна ўсе торты, — кажа прадавец.

За паўдня яна прадала больш 30 тортаў — для маленькай кандытарскай гэта вельмі шмат.

Торты, якія «выдае» кандытарскі цэх, адразу ж раскупляюць. У кавярні пачалі прымаць замовы ўжо на нядзелю.

Пра сітуацыю з «тортам у падтрымку АМАПа» прадавец кажа неахвотна.

— Патэлефанавалі замовіць, сказалі для чаго, мы адмовілі. Вось так усё і выйшла. Вы прабачце, я зараз вельмі занятая: глядзіце, колькі пакупнікоў, — кажа прадавец.

Уласнікі кандытарскай за рашэнне адмовіць яе «не лаялі і зразумелі», а ў кавярню цяпер тэлефануе шмат людзей: адны кажуць словы падтрымкі, другія — папракаюць.

А што ж торт для АМАПа? Яго ўсё ж спяклі нейкія іншыя людзі, і група гарадзенцаў 14 кастрычніка пайшла ва УУС, каб падзякаваць супрацоўнікам за службу. У сваю чаргу, міліцыянты запэўнілі, што «будуць далей забяспечваць спакойнае жыццё і грамадскі парадак на гарадзенскай зямлі», паведамляе УУС.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0