Рабочыя Lufthansa Technik запатрабавалі ад кіраўніцтва прадпрыемства адмовіцца ад абслугоўвання самалёта Лукашэнкі. Яны нагадалі пра аналагічную адмову Чаўшэску 31 год назад.
13 кастрычніка ў аэрапорце Фульсбютэль прызямліўся Боінг 737 з рэгістрацыйным нумарам EW-001PA.
Прафсаюз прадпрыемства ў адказ распаўсюдзіў наступную заяву:
«Гэта самалёт таго самага Лукашэнкі, які аддаў загад страляць у дэманстрантаў у Беларусі. Мы, прафсаюзныя актывісты кампаніі Lufthansa Technik, не забываем нашу даўнюю традыцыю міжнароднай салідарнасці і стаім поплеч з беларускімі працоўнымі», — гаворыцца ва ўлётцы прафсаюза кампаніі LufthansaTechnik.
У ёй утрымліваецца шэраг патрабаванняў да беларускага ўрада: «Мы патрабуем адстаўкі Лукашэнкі і сапраўдных дэмакратычных выбараў! Мы патрабуем вызвалення ўсіх палітычных зняволеных і неадкладнага аднаўлення на працы тых калег, якія страцілі працу! Мы патрабуем, каб усе супрацоўнікі маглі свабодна аб'ядноўвацца ў незалежныя прафсаюзы!»
Прафсаюз нагадвае, што 31 год таму ў кампаніі была падобная сітуацыя. Тады рабочыя кампаніі адмовіліся абслугоўваць самалёт кіраўніка Румыніі Чаўшэску незадоўга да яго падзення.





