Пасля нядзельнага маршу ў Мінску 4 кастрычніка была затрыманая і адпраўленая ў Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна ўнікальны доктар Інэса Дароніна —загадчыца аддзялення трансфузіялогіі і экстракарпаральных метадаў лячэння РНПЦ дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі.

У гэтым аддзяленні ўсяго адзін доктар — і гэта Дароніна, астатнія ўсе медсёстры. Дароніну часова замяняе рэаніматолаг Аляксей Какунін. 

Калектыву аб затрыманні сёння на пяціхвілінцы паведаміла кіраўніцтва. 

5 кастрычніка яе мусілі судзіць у Першамайскім судзе Мінска. У панядзелак калегі не змаглі даведацца, чым скончыўся суд. У аўторак стала вядома, што ёй далі 25 базавых (675 рублёў).

Суддзя па яе адміністратыўнай справе — Максім Трусевіч. Той самы, што даў 10 сутак арышту тэлевядучаму Дзмітрыю Кахно.

На 5 кастрычніка ў яго было запланавана больш за 10 працэсаў. Валанцёры паспелі адсачыць палову з іх — усім затрыманым Трусевіч даваў суткі.

Інэса Дароніна

Інэса Дароніна

«Інэса — выбітны спецыяліст, яе работа тэхнічна складаная», — даюць ёй характарыстыку калегі. 

«Напрыклад, яна адзіная робіць забор гранулацытаў і трамбацытаў для пераліванняў, забор перыферыйных ствалавых клетак: дзіця падключаюць да спецыяльнага апарата, праз які праходзіць яго кроў, апарат ловіць «спецыяльныя» клеткі», потым яны адмыслова рыхтуюцца і пасля высокадознай хіміятэрапіі пераліваюцца дзіцёнку назад. 

Так лечаць, напрыклад, пацыентаў з нейрабластомай і рабдоіднымі пухлінамі. 

У яе аддзяленні дзеці не ляжаць, але яны туды прыходзяць на лячэнне. 

Таксама яна робіць фотафарэзы, гэта метад лячэння пацыентаў пасля трансплантацый з ускладненнямі, калі арганізм не прымае трансплантант.

Гэта спецыфічная работа, проста стаць за апарат і рабіць не атрымаецца, лепш за яе гэтыя няпростыя працэдуры ніхто не ведае», — кажуць медыкі і дадаюць, што калі заборы ствалавых клетак спыняцца і спыняцца трансплантацыі, то «многія не выжывуць». 

«Канкрэтна мае дзеці не жывуць без пераліванняў, за суткі ў нашым цэнтры яны робяцца 10-20 пацыентам, мы ўсе вельмі залежым ад работы аддзялення Даронінай», — кажа іншы медык. 

Вядома, што Дароніна не маўчала: яна сказала сваё слова ў відэазвароце медыкаў, па-беларуску ахарактарызавала сітуацыю ў Беларусі як «глабальны канфлікт розуму і тупасці, годнасці і зверства, выхавання і хамства — калі яшчэ давядзецца надаваць батанікам па мордах?»

Яе калегі кажуць пра безумоўную падтрымку прынцыпаў Даронінай у адстойванні пазіцыі супраць катаванняў, гвалту і рэпрэсій. Вырашаюць, як у гэтай сітуацыі яны могуць падтрымаць калегу. 

Бо і без таго калектыў РНПЦ дзіцячай анкалогіі моцна аслаблены: некалькі дзён на рабоце не было двух медыкаў лабараторыі крыві — Ангеліны Адамоніс і Валянціны Харытонавай, якіх пасля жаночага маршу затрымалі і далі суткі. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?