Абвестка ў Гродне

Абвестка ў Гродне

Раніцай 1 кастрычніка на дзвярах судоў у Гродне і Гомелі з'явіліся абʼявы пра забарону заходзіць у будынкі тым, хто не ўдзельнічае ў працэсах, піша Радыё Свабода.

Забарону абгрунтавалі прафілактыкай і мінімізацыяй рызыкі пашырэння каранавіруснай інфекцыі са спасылкай на загад №68 старшыні Вярхоўнага суда ад 28 верасня.

Прэс-сакратар Вярхоўнага суда Юлія Ляскова заявіла ў каментары Свабодзе, што такой забароны ў загадзе няма.

«Не ведаю, якая ў Гродне накладка здарылася. Гэта не так. Абʼява, якая была ў судзе Гродне, ужо знятая аператыўна.

Справа ў тым, што ў мэтах выканання захадаў па прафілактыцы і мінімізацыі рызыкі пашырэння інфекцыі COVID-19 у асенне-зімовы перыяд 2020 года ў судах агульнай юрысдыкцыі зацверджаны план па прафілактыцы, рэкамендаваны Мінздароўя.

Адным з пунктаў гэтага плана прадугледжана, што работнікі, удзельнікі працэсу ды іншыя наведнікі дапускаюцца ў будынак толькі без прыкмет рэспіраторных захворванняў і ў сродках індывідуальнай засцярогі.

Размова пра забарону наведвання судоў грамадзянамі не ішла і не ідзе. У загадзе № 68 запісана, што не дапускаюцца хворыя, і пажадана быць у масках і пальчатках. Забароны наведваць суды няма», — запэўніла Юлія Ляскова.

У Гомелі на момант публікацыі матэрыялу абʼява пра забарону доступу «пабочных асоб» у суд заставалася на сваім месцы.

Прынцып адкрытасці судовага разбору спраў замацаваны 114-м артыкулам Канстытуцыі.

Абвестка ў Гомелі

Абвестка ў Гомелі

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна