У нядзелю, 27 верасня, падчас мірнага шэсця ў Гомелі затрымалі дацэнта кафедры рускай і сусветнай літаратуры ГДУ імя Скарыны, кандыдата філалагічных навук 54-гадовую Наталлю Суславу. 

Як расказаў «Нашай Ніве» яе калега Віктар Адзіночанка, дацэнт кафедры філасофіі, які быў сведкай затрымання выкладчыцы, Наталля часта выходзіла на мірныя акцыі, нягледзячы на шматлікія размовы з кіраўніцтвам факультэта. 

Наталля Суслава. Фота Сяргея Лысенкі.

«Учора ў Гомелі наогул была незвычайная сітуацыя, — расказвае Віктар. — Яшчэ два тыдні таму людзі выходзілі на акцыі больш-менш вольна і свабодна. Крычалі звычайна «Лукашэнку ў аўтазак», «Ці ёсць у вас сумленне?». Але сілавікі нікога не чапалі.

У мінулы ж тыдзень і ўчора сілавыя структуры перайшлі ў наступ і пачалі затрымліваць. Учора, напрыклад, увесь цэнтр Гомеля быў перакрыты».

Удзельнікі акцыі ў Гомелі кажуць, што з-за перакрытага цэнтра людзей выйшла не так шмат, як звычайна, — некалькі соцен чалавек. Па дадзеных валанцёраў, з іх у выніку затрымалі больш за 30 чалавек.

«Да цырка, звычайнага месца збору акцыі, амапаўцы людзей наогул не прапускалі, — дадае Віктар. — І калі да сілавікоў падыйшоў натоўп, то ў кагосьці з амапаўцаў, па маіх назіраннях, проста не вытрымалі нервы. 

Яны пачалі выкарыстоўваць святлошумавыя гранаты і газ. Людзям давялося згрупіравацца вакол цырка. На іх пачаў націскаць АМАП. Пратэстоўцы тады сталі крычаць «Мы адзін народ» і нават сталі спяваць гімн Беларусі. 

Я ж назіраў за сітуацыяй па лініі БХК. Мне было бачна, што натоўп будуць разганяць. У пэўны момант сілавікі сапраўды пабеглі на людзей. Большасць разбеглася, а тых, хто застаўся, пачалі затрымліваць. Некаторых даволі жостка: кідалі на зямлю і заламывалі рукі. 

Наталлю Уладзіміраўну затрымалі каля 15.00. Вялі яе спакойна, яна не супраціўлялася. Калі яе завялі ў аўтазак, я падышоў да амапаўца і патлумачыў, што яна выкладчыца і што будзе скандал, калі яе асудзяць. Ён мяне спакойна выслухаў і сказаў: «Ну і няхай».

Трэба разумець, што Наталля — спецыяліст вельмі добры і чалавек сумленны. Яна рэгулярна выходзіла на акцыі пратэсту. Некаторыя выкладчыкі нашага ўніверсітэту таксама выходзілі, але з часам перасталі. А Наталля выходзіла. З ёй шмат разоў размаўляла дэкан нашага філалагічага факультэта, каб Наталля спынілася. 

Наталля — чалавек вельмі ветлівы. Яна выходзіла пасля сустрэчы з дэканам і казала, як ёй няёмка, што яна дастаўляе дэкану непрыемнасці, але разумее, што такія размовы дэкан таксама вядзе па загадзе. 

Ведаеце, Наталля ж выкладае рускую літаратуру. А там такія сюжэты: усе змагаюцца за справядлівасць. Вось яе руская літаратура і выхавала на гэтых узорах».

Былыя студэнты Наталлі Уладзіміраўны адзначаюць, што спецыялізуецца выкладчыца на тэорыі літаратуры і сучаснай рускай літаратуры.

«Наталля Уладзіміраўна — адна з найбольш яркіх выкладчыц філфаку, — кажа былы студэнт Суславай Павел Міцкевіч. — На яе лекцыі прыходзяць нават тыя, каму ва ўніверсітэце нічога не цікава. Ніводнай лекцыі ў мяне не захавалася з часу ўніверу, акрамя канспектаў з яе пар».

Фота Сяргея Лысенкі.

Былыя студэнты Суславай адзначаюць цікавыя лекцыі па літаратуры мадэрнізма і постмадэрнізма, якія чытала выкладчыца.

«Хадзілі на лекцыі, як у грэцкі тэатр, а потым я працаваў з ёй на кафедры разам. З ёй мы праводзілі студэнцкія канферэнцыі ды проста пілі гарбату і гаварылі пра літаратуру», — адзначае ў фэйсбуку Сяргей Падсасонны, былы вучань і сябар Наталлі.

Ноч кандыдат філалагічных навук правяла ў ІЧУ, а судзіць яе мусяць сёння, 28 верасня, у судзе Цэнтральнага раёна.

«Сёння на факультэце калегі спачувалі Наталлі. Але на рэктараце рэктар выказаўся, што, можа, з выкладчыкамі трэба правесці размовы, каб ведалі, што такое заканадаўства і незаконныя акцыі. Нягледзячы на такія словы, думаю, што звальненне Наталлі ўсё ж не пагражае. У нас і раней затрымлівалі выкладчыкаў, проста не пры такіх жорсткіх абставінах, але ўсе працуюць».

А што кажуць ва ўніверсітэце?

«Наша Ніва» звярнулася па каментар да дэкана філалагічнага факультэта ГДУ імя Францыска Скарыны Алены Мікалаеўны Палуян:

«Мы ведаем Наталлю Уладзіміраўну як чалавека адказнага і прафесіянальнага, — адказала Алена Мікалаеўна. — Яна праводзіць заняткі на высокім узроўні, яе любяць студэнты. Яна чалавек сумленны і мае права выказваць сваю пазіцыю.

Але пакуль у яе не было суда, мы не можам каментаваць яе затрыманне. 

У нашым універсітэце галоўная ўвага надаецца вучэбнаму працэсу. А чым Наталля Уладзіміраўна займаецца ў свабодны час, мы не каментуем, бо не «ўлазім» у яе асабістае жыццё. На заняткі яна хадзіла і ніколі іх не зрывала».

На пытанне, ці можа Наталлю чакаць на працы пакаранне пасля прысуда, дэкан адказвае так:

«Я не маю права даваць ніякіх каментароў, пакуль не было суда. Мы паглядзім, што будзе напісана ў пратаколе. Наш універсітэт знаходзіцца па-за палітыкай, мы не палітычная партыя. У нас іншая задача — рыхтаваць будучых прафесіяналаў».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?