10 сутак арышту і штраф 405 рублёў атрымала гарадзенка Людміла Таранок за тое, што зняла маску з твару міліцыянта ў цывільным падчас акцыі салідарнасці ў Гродне. Такое рашэнне вынесла суддзя Ленінскага раёна Ганна Леўсік, піша мясцовы блог s13.
Судовае пасяджэнне было выязным і праходзіла ў адміністрацыйным корпусе ІЧУ на вуліцы Гая. Там Людміла Таранок знаходзіцца з нядзелі.
Жанчыну прызналі вінаватай у парушэнні адразу трох артыкулаў КаАП РБ — 10.9 (Наўмыснае знішчэнне або пашкоджанне маёмасці. Верагодна, гаворка ідзе пра медыцынскую маску), 17.1 (Дробнае хуліганства), 23.34 (Парушэнне заканадаўства аб масавых мерапрыемствах).
Інцыдэнт адбыўся 12 верасня. У гэты дзень каля гандлёвага дома «Нёман» адбылася жаночая акцыя. На ёй сабраліся каля 100 гарадзенак. Дзяўчыны спявалі песні і выкрыквалі лозунгі. Увесь гэты час акцыю на камеру здымалі двое невядомых мужчын.
У адзін момант адна з жанчын падышла да мужчыны з камерай і паспрабавала сарваць маску. Да яе на дапамогу падбегла яшчэ адна дзяўчына. Удваіх яны сарвалі маску з твару, пасля чаго мужчына хутка пачаў пакідаць пляцоўку ўнівермага. Жанчыны кінулі яму ўслед рэшткі маскі і крычалі: «Ганьба!»
Людмілу Таранок затрымалі ў гэты ж дзень у яе ўласнай кватэры разам з малодшым сынам. Сям'ю адвезлі ў Ленінскі РАУС. Сына адпусцілі пад раніцу пасля дачы паказанняў.
Праваабаронца Раман Юргель так пракаментаваў дадзены інцыдэнт:
— Жанчына павяла сябе эмацыйна ў гэтак наэлектрызаванай ва ўсёй краіне сітуацыі. Але і той супрацоўнік РАУС, які здымаў групу жанчын, не павінен быў так блізка іх здымаць. Думаю, што такое рашэнне суддзя вынес, каб надалей іншыя людзі не здымалі маскі і не вылівалі свой гнеў на «відэааператараў» РАУС.
Людміла Таранок — гродзенская актывістка, не раз выступала на акцыях салідарнасці. Жанчына працуе шмат гадоў у «Гроднапрамбуд» тынкоўшчыцай. Яна адна з першых падтрымала страйкоўцаў на прадпрыемстве. Жанчына жыве разам з сынам. На дадзены момант Уладу неабходна аплаціць паслугі адваката, а таксама штраф.





