«А каўбасу перададуць? А як яе парэзаць? А грэбень прымаюць? Больш за пяць кілаграмаў можна ежы? Вось бы Гражыне яшчэ туды пуховую падушку і ноўтбук — быў бы нумар-люкс». Штодзень пад сценамі цэнтра ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна чуюцца такія побытавыя дыялогі ад сваякоў затрыманых да суда і асуджаных. Толькі пасля акцый 11-13 верасня стала вядома як мінімум пра 46 беларусаў, якія атрымалі 552 сутак арышту агулам.

Мы пастаялі разам са сваякамі ў чарзе на перадачу рэчаў асуджаным і распыталі, што адчуваюць людзі, дзіця-муж-дачка-кум якіх выходзілі на вуліцу са сваім канстытуцыйным правам на свабоднае выказванне меркавання, а сталі парушальнікамі заканадаўства і не вярнуліся дахаты.

Перадачы ў ІЧУ на Акрэсціна прымаюць з 14 да 16, у Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў — з 10:00 да 13:00. Людзі займаюць чаргу загадзя: запісваюцца анлайн ці па тэлефоне ў валанцёраў. Прыязджаюць на месца раней, бо трэба паспець пераправерыць, ці ўсе рэчы перакладзеныя ў празрыстыя пакеты, ці ўся ежа падыходзіць, а пасля скласці вопіс на спецыяльнай паперцы.

Без валанцёраў тут справіліся б наўрад ці: калі ў цябе ўпершыню асудзілі сваяка і сувязі з ім ніякай, нават перагугліўшы ўсю інфармацыю, зробіш нешта не так. Плюс, дзякуючы іх працы, на Акрэсціна заўсёды можна выпіць гарбаты, скарыстацца на месцы паслугамі псіхолага, памаліцца ў спецыяльна адведзеным месцы і нават абраць ў вольным доступе нядрэнныя кніжку ці часопіс, калі забылі пакласці ў перадачку з уласнай бібліятэкі. У каробках «фо фры» ёсць і Горват, і Арыстоцель, і Рублеўская, і апошнія нумары «Камсамольскай праўды».

Сёння ў чаргу для перадачы ў ІЧУ запісаліся 54 чалавекі, чарга цягнецца марудна, і людзі кожныя 5 хвілін выказваюць хваляванне наконт таго, што іх «пакет з пакетамі» не дойдзе да адрасата — не паспеюць укласціся ў адведзеныя адміністрацыяй дзве гадзіны.

На фоне астатніх чакаючых вельмі вылучаецца пажылая пара — Віктару і Вользе Коваль 83 гады. Разам яны 55 гадоў, пара прынцыпова адмаўляецца сесці на крэсла, якое ім прапаноўваюць валанцёры, і застаецца чакаць чаргі стоячы: у суботу затрымалі іх 53-гадовую дачку Ірыну. Прысудзілі 15 сутак. Пара вельмі перажывае, што дачку перавядуць у Жодзіна і ездзіць туды будзе складана.

Сям'я Коваль

Сям'я Коваль

Вольга Коваль расказвае:

— Мы з дачкой раніцай у суботу стэлефанаваліся. Яна мне абяцала, што не пойдзе на жаночы марш, каб мяне не хваляваць. Ды і з працай страшна: усё ж яна працуе бібліятэкаркай, у дзяржаўнай установе… Дачка сказала, што наведае на плошчы Свабоды царкву, каб памаліцца за Беларусь, там яе і затрымалі… Не ведаю, пры якіх абставінах. І хата цяпер стаіць пустая, і каты адны, і з працай невядома што… — жанчына не можа стрымаць слёз, але яе ў той самы момант абсякае муж.

— А што плакаць? Яны думаюць, нас ці дачку запужаць можна, раз суткі даюць, дык не атрымаецца. Не тое пакаленне мы. Мы перабудову рабілі. Я вайну сустрэў у 3,5 гады, і ні бацька, ні дзяды ў мяне з вайны не вярнуліся. На «Інтэграле» дапрацаваўся да галоўнага інжынера, без усялякіх партый, бо савецкую ўладу не прызнаваў: яшчэ мая бабуля казала, што гэтая ўлада гультаёў. І сённяшнюю ўладу не прызнаю. Я неяк у аўтобусе з пенсіянерамі ехаў, сказаў, што абралі беларусы нейкага байструка прэзідэнтам. На мяне крычаць пачалі: «Гэта пшэк, выкіньце яго з транспарту». Але ніхто не адважыўся. Мне баяцца няма чаго: я ведаю, што кажу. Усё жыццё BBC слухаў, «Голас Амерыкі», Deutsche Welle, цяпер — «Радыё Свабода», а не прапагандыстаў розных. Усім разумным людзям вядома, што ў нас не кіраўніцтва, а крымінальная кодла!

У гэты момант да пары падыходзіць жанчына. Высвятляецца, што падтрымаць сям’ю прыйшла каляжанка з працы Ірыны. Яна доўга супакойвае бацькоў і заклікае іх ганарыцца такой дачкой. Кажа, што на працы ўсе за яе. Але калі што і здарыцца — «чалавек з такімі энцыклапедычнымі ведамі заўсёды знойдзе сабе новае месца».

У гэты момант сям’я затрыманага Уладзіміра Шпеца спрабуе паміж радкоў у часопісе «Наша гісторыя» напісаць яму пару сказаў ад сябе, асадкай — сказалі, што звычайныя лісты прымаць не будуць.

— Пішам туды нашы словы падтрымкі. І што моцна чакаем яго, — распавядае жонка Ларыса.

Уладзіміра затрымалі на маршы ў нядзелю. Сваякі кажуць, што звычайна ходзяць на акцыі разам — ажно з 9 жніўня, бесперапынна: «за сумленныя выбары». Але ў гэтую нядзелю ён быў там адзін. Таму, калі мужчына перастаў выходзіць на сувязь, шукалі доўга: абтэлефаноўвалі ўсе РАУС, а пасля ўбачылі яго ў спісах на Акрэсціна ў тэлеграм-канале. На судзе Уладзімір атрымаў 14 сутак.

— У нас дзве дачкі: адна ўжо студэнтка, на 3 курсе. Другая школьніца. Дзяўчаты плакалі, канечне, што бацьку забралі. Добра, што хаця б з працай не будзе праблем: Уладзімір працуе як прадпрымальнік, сам на сябе, — распавядае Ларыса.

Да дыялогу далучаецца кума Марыя:

— Шчыра скажу, самой ужо хочацца на барыкады, бо ўсё, што адбываецца, — несправядлівасць, гэта плявок нам у твар. З таго боку такая сіла, людзей хапаюць пастаянна, б’юць. А з іншага боку — мірныя людзі. І ад усё гэтай сітуацыі бездапаможнасці — эмацыйны спад адзін.

У Ларысы Паклонскай 12 верасня затрымалі 26-гадовую дачку Юлю, айцішніцу. Пра тое, што ёй далі 10 сутак, Юля змагла паведаміць маці сама.

— Гэта быў сюрпрыз, я вельмі здзівілася, што ёй далі пазваніць з Ленінскага суда пасля пасяджэння. Я спытала дачку, як з ёй абыходзяцца — яна супакоіла, што ўсё добра, але псіхалагічна ёй цяжка. Мы разам паплакалі…

Адначасова з тым дачка Ларысы даводзіла да суддзі, што ў яе гарманальнае лекаванне, ёй трэба праходзіць абследаванне, але ніякіх паслабленняў праз гэта не было.

Разам з маці прынесці перадачу для Юлі прыйшоў яе хлопец Дзяніс. Ëн згадвае, што ў суботу Юля паспела даслаць смс-ку з аўтазака, што яе вязуць не тое ў Ленінскі, не тое ў Савецкі РАУС. Так ён змог яе знайсці і нават пабачыць перад тым, як дзяўчыну адвезлі на Акрэсціна. Для ўсіх гэта стала нечаканасцю: сям’я думала, што Юлю адпусцяць ў той жа вечар дадому, дадуць позву ў суд на будучыню максімум.

Ларыса Паклонская і Дзяніс

Ларыса Паклонская і Дзяніс

— Гэта несправядліва. Яна нічога дрэннага не рабіла, проста выйшла выказаць сваё меркаванне. Гэта нармальнае чалавечае жаданне: быць пачутым. Я яе ў гэтым падтрымліваю. Калі шчыра, раней я жыла неяк і думала, што ў нас усё па законе, усё добра ў краіне, без падманаў, а цяпер я бачу, як насамрэч. Паўсюль хлусня, мы павінны быць пачутыя, — прызнаецца Ларыса.

У планах сям’і паспрабаваць абскардзіць прысуд з адвакатам.

— Мы гэта так не пакінем. Гэта парушэнне правоў чалавека, калі ты ідзеш выказаць свой пункт гледжання, а табе гэтага не даюць зрабіць.

Зміцеру Навумаву — 58 год, у яго другая група інваліднасці, ён дрэнна ходзіць, але сёння вымушаны стаяць у чарзе, каб перадаць рэчы і ежу для сына. 31-гадовага Арцёма затрымалі ў нядзелю, вернецца дадому ён праз 15 сутак.

Зміцер Навумаў

Зміцер Навумаў

— У 15:30 я яшчэ звязаўся з ім, а пасля ўжо не было сувязі. Нам спачатку сказалі, што яго адвезлі ў Жодзіна чамусьці. А мы там яго не знайшлі. Толькі пасля датэлефанаваліся на Акрэсціна, і нам пацвердзілі, што ён тут усё ж апынуўся. Калі сын знайшоўся, стала неяк лягчэй, бо пасля падзей у гэтых сценах 9-10 жніўня мне было вельмі страшна за яго здароўе…

Больш за ўсё мужчына абураецца, што з культурнымі, разумнымі людзьмі, якія не зрабілі ніякіх злачынстваў, абыходзяцца жорстка:

— Не сказалі, дзе ён, сваякам, не паведамілі пра суд, пазбавілі сына права на званок… Яшчэ і запіскі перадаваць нельга, і цукеркі трэба ад абгортак вызваліць, нібыта ён тэрарыст нейкі ці крымінальшчык-наркаман! Я лічу, што нашы дзеці і мы маем рацыю: Лукашэнка прайграў выбары. Проста ён арганізаваў за 26 год злачынную групіроўку вакол сябе, банду, якая не аддае ўладу.

Зміцер расказвае, што на акцыі ходзіць і яго жонка, і пляменнікі. Кажа, што і сам бы хадзіў, але праз хворыя ногі не паспявае «за народам».

— Людзі недурныя і ўсё бачаць. Усе паспелі пабываць за мяжой, у Польшчы, Нідэрландах, і пабачыць, як можна жыць, да чаго імкнуцца. І ўсё гэта можна зрабіць, калі рабіць па-чалавечы, а не калгасна. Беларусы выходзяць на вуліцы за лепшую будучыню, наша краіна павінна квітнець, але з бандыцкай уладай гэта немагчыма.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?