Аляксандр Паплаўскі. Фота smorgon.by
10 верасня ў Смаргонскім раённым судзе разглядалі справу актывіста Аляксандра Паплаўскага. У выніку смаргонца, які ўжо адседзеў па артыкуле за дробнае хуліганства сем сутак, цалкам апраўдалі, піша «Рэгіянальная газета».
Нагадаем, што 5 жніўня на выбарчы ўчастак №16 у Смаргоні прыйшоў гараджанін Аляксандр Паплаўскі. Ён хацеў сфатаграфаваць вынікі датэрміновага галасавання за гэты дзень.
Падчас фатаграфавання ў Паплаўскага здарыўся канфлікт са старшынёй камісіі Аленай Атцецкай. Гэта трапіла на відэа, якое здымаў сам Паплаўскі.
Пасля старшыня Атцецкая напісала заяву на Паплаўскага, які нібыта замінаў працы выбарчай камісіі. 7 жніўня Аляксандра Паплаўскага асудзілі за дробнае хуліганства (артыкул 17.1 Кодэкса аб адміністрацыйных парушэннях). Аляксандру далі 7 сутак. Старшынёй суда была Людміла Пятрова.
Актывіст не пагадзіўся з абвінавачваннем і абскардзіў рашэнне раённага суда Смаргоні ў Гродзенскім абласным судзе.
У выніку пастановай абласнога суда ад 24 жніўня пастанову Смаргонскага суда адмянілі і справу накіравалі на разгляд новаму смаргонскаму суддзі — Дзмітрыю Дамараду.
Па хадатайніцтве Аляксандра Паплаўскага Дамарад праводзіў судовае пасяджэнне па-беларуску.
Суд 10 верасня цягнуўся каля шасці гадзін.
У выніку суддзя прыйшоў да высновы, што справу трэба спыніць па прычыне адсутнасці ў дзеяннях Аляксандра Паплаўскага складу адміністрацыйнага правапарушэння.
Пастанова суда пакуль не ўступіла ў сілу.
— Канешне, я задаволены зыходам суда. А за сем сутак, якія мусіў адседзець, буду патрабаваць кампенсацыю, — паведаміў Аляксандр карэспандэнту «Рэгіянальнай газеты».





