Фота Надзеі Бужан.
«Раша тудэй» выдала матэрыял-«аналіз» нядзельных пратэстаў у Мінску. Спікерам стаў вядомы ваенны эксперт з Мінска Аляксандр Алесін.
«Алесін сцвярджае, што ў нядзелю апазіцыянеры рыхтаваліся захапіць рэзідэнцыю прэзідэнта, але праз адключаны інтэрнэт не атрымалі з Польшчы сігналу аб пачатку штурму і вымушаны былі разысціся. За спінамі мірных пратэстоўцаў знаходзіліся баевікі, гатовыя ўжыць сілу супраць АМАПа і паліцыі. Яны збіраліся па ўзоры ўкраінскіх калег узброіцца ламамі, капачамі і выкарыстоўваць іх у вулічных баях», — «цытуе» прапаганда Алесіна.
Аказваецца, Алесін нават не ў курсе таго, што гаварыў з «Раша тудэй», больш за тое, гэтаму выданню ён не гатовы ў прынцыпе даваць хоць якое інтэрв’ю з маральна-этычных прычын. Пра гэта ён сказаў «Нашай Ніве».
«Гэта не мае словы! Я гэтага не казаў! І ўвогуле я з «Раша тудэй» не гаварыў і гаварыць не буду. Мне па тэлефоне званіла зусім іншае выданне, казаў я іншае:
штурму ніякага і не планавалася, пратэст не мае правадыроў, якія б маглі заклікаць да такога і павесці за сабой, штурму не магло быць.
Але Бог ім суддзя. Я расцэньваю гэта як праяву інфармацыйнай вайны: пазвоняць, а потым свядома скажаюць інфармацыю», — сказаў Алесін.





