Кіраўнік МЗС Расіі Сяргей Лаўроў распавёў пра сустрэчу з першым намеснікам Дзяржсакратара ЗША Стывенам Біганам, на якой яны абмеркавалі сітуацыю ў Беларусі.
Паводле слоў Лаўрова, Біган пацвердзіў пазіцыю ЗША, што яны не зацікаўленыя ў стварэнні штучнага крызісу вакол сітуацыі ў Беларусі. У Расіі лічаць, што нельга спрабаваць звонку навязваць пасярэднікаў беларускаму кіраўніцтву і народу.
Ён звярнуў увагу прадстаўніка Дзярждэпа на агучаную беларускай уладай канстытуцыйную рэформу.
— Я лічу, што рука працягнута ўсім тым, хто зацікаўлены ў стабільнай, адзінай Беларусі. Яна, вядома, павінна быць заўважаная апазіцыяй і тымі нашымі заходнімі партнёрамі, якія гэтай апазіцыяй цяпер кіруюць.
У Расіі лічаць, што беларусам трэба даць магчымасць самім вызначыць удзельнікаў агульнанацыянальнага дыялогу, а да таго, наколькі легітымна быў сфармаваны Каардынацыйны савет, узнікаюць пытанні.
— Было шмат супярэчлівых звестак пра тое, якая праграма ў савета. На сайце Ціханоўскай з'яўляліся вельмі супярэчлівыя мэты, якіх ён дабіваецца. Потым гэтыя мэты знікалі на сайце. Ну і склад персаналій, якія ў гэтым савеце прадстаўлены, выклікае пытанні ў дачыненні да таго, як яны бачаць сувязі з Расійскай Федэрацыяй.
На думку Лаўрова, няма прычын для таго, каб у Беларусі распальваліся антырасійскія настроі.





