Святлана Ціханоўская сёння выступала перад еўрапейскімі парламентарыямі па відэасувязі, яна зачытала свой зварот з Вільні, піша Tut.by.

— Сёння мая краіна, Беларусь, знаходзіцца ва ўзрушэнні і крызісе. Мірных дэманстрантаў незаконна затрымліваюць, заключаюць пад варту і збіваюць. Улады выкарыстоўваюць тактыку запалохвання, страху і фізічных пагроз. Прынамсі шэсць чалавек былі забітыя, дзясяткі лічацца зніклымі без вестак. Гэта адбываецца ў цэнтры Еўропы. Цяперашні крызіс адбыўся ў выніку выбараў 9 жніўня. На думку большасці назіральнікаў, выбарчы працэс прайшоў з сур'ёзнымі парушэннямі. Некаторыя апаненты спадара Лукашэнкі, уключаючы майго мужа, узятыя пад варту па надуманых абвінавачваннях. Іншыя вымушаныя былі з'ехаць праз страх пераследаў.

Ціханоўская падзякавала ўладам ЕС і партыям Еўрапейскага парламента за іх пазіцыю па непрызнанні вынікаў выбараў, якія, па яе словах, прайшлі з істотнымі парушэннямі. Па яе словах, цяпер у Беларусі пачалася мірная рэвалюцыя.

— Мы ўжо не апазіцыя, зараз мы большасць. Адбываецца мірная рэвалюцыя. Рэвалюцыя ў Беларусі не геапалітычная. Гэта не прарасійская і не антырасійская рэвалюцыя, не антыеўрапейская і не праеўрапейская рэвалюцыя. Гэта дэмакратычная рэвалюцыя. Гэта імкненне людзей вырашаць самастойна. Гэта імкненне людзей свабодна і сумленна абіраць сваіх лідараў і вызначаць свой лёс. Рэвалюцыя ў Беларусі негвалтоўная. Гэта мірнае імкненне людзей да свабоды, самавызначэння і асновам чалавечай годнасці.

Ціханоўская таксама заклікала ўсе краіны свету паважаць суверэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасць Беларусі. Яна заявіла пра сваю гатоўнасць весці дыялог з цяперашнімі ўладамі Беларусі з мэтай правядзення новых, сумленных і празрыстых выбараў, а таксама нагадала, што для гэтых мэтаў і было ініцыявана стварэнне Каардынацыйнай рады.

— Наша мэта — правесці сумленныя выбары мірна, шляхам дыялогу. Такім чынам я заяўляю пра гатоўнасць весці дыялог з уладамі.

Мы гатовыя прызначыць перагаворшчыкаў. Мы хочам разгледзець пасярэдніцтва міжнародных арганізацый па садзейнічанні дыялогу. Каб садзейнічаць у пераходны перыяд, я стварыла Нацыянальную каардынацыйную раду, якая ўключае ўсе слаі беларускай грамадзянскай супольнасці і ўсе бакі палітычнага спектру. На жаль, улады адказалі пагрозамі і запалохваннем ў дачыненні да членаў рады, у тым ліку лаўрэата Нобелеўскай прэміі Святланы Алексіевіч. Запалохванне не працуе. Мы не здадзімся. Мы патрабуем павагі нашых базавых правоў. Мы патрабуем вызвалення ўсіх палітычных зняволеных. Мы патрабуем спыніць гвалт і запалохванне з боку ўладаў. Беларусы заслугоўваюць лепшага, Еўропа заслугоўвае лепшага, — скончыла свой выступ Святлана Ціханоўская.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0