Павел Латушка на прэс-канферэнцыі Каардыйнацыйнай рады. Фота Tut.by

Павел Латушка на прэс-канферэнцыі Каардыйнацыйнай рады. Фота Tut.by

Былы міністр культуры і дыпламат Павел Латушка стаў адным з кіраўнікоў Каардынацыйнай рады. «Наша Ніва» ўспомніла старонкі біяграфіі Латушкі.

Паўлу Латушку 47 гадоў. Ён карэнны мінчук. Бацька і брат Паўла Латушкі памерлі ўжо. Сам Латушка жыве ў сціплым доме ў пасёлку Ждановічы пад Мінскам.

Латушка яшчэ студэнтам праявіў неабыякія здольнасці. Вучыцца Латушка пачаў на гістарычным факультэце БДУ, але скончыў ужо юрыдычны. Потым замацаваў веды ў Лінгвістычным універсітэце. Ад 1995 — у структуры МЗС. Быў консулам Беларусі ў Беластоку. Ад 2000 да 2002 — прэс-сакратар МЗС. Пры гэтым прынцыпова карыстаўся беларускай мовай.

Зусім маладым, 29-гадовым, Латушку прызначылі паслом Беларусі ў Польшчы. Настолькі маладых кіраўнікоў дыпмісій у Беларусі не было. Прычым і паехаў працаваць ён не ў Туркменістан ці Аргенціну, а на адзін з самых адказных кірункаў. Паслом ён прабыў шэсць гадоў. Гэта былі складаныя часы ў адносінах між нашымі краінамі.

У 2009 Латушка становіцца міністрам культуры. На гэтай пасадзе яму ўдалося пралабіраваць праграму «Замкі Беларусі», якая прадугледжвала рэстаўрацыю замкаў і палацаў нашай краіны.

Ад 2012 да 2019 быў паслом Беларусі ў Францыі.

Апошні год Латушка быў кіраўніком Купалаўскага тэатра. Спрабаваў даць тэатральнаму жыццю новае дыханне. Правёў оўпэн-эйр у дворыку Купалаўскага, не баяўся даваць згоду на смелыя пастаноўкі. У жніўні 2020 падтрымаў паслявыбарчыя пратэсты, у выніку чаго быў звольнены з пасады.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0