Работнікі Купалаўскага тэатра паведамляюць, што супрацоўнікі не могуць трапіць унутр будынка. Афіцыйная версія — санітарны дзень. Учора ў тэатры з'явіліся работнікі праваахоўных органаў. Сёння — людзі ў спецкасцюмах для бяспекі падчас санабработкі.

Ізымаюцца дакументы. Ускрытыя ўсе кабінеты, усе грымёркі.

«Мы не нясём адказнасці за ўсё, што цяпер адбываецца ў будынку тэатра і як гэта можа быць выкарыстана супраць нас», — паведамляюць работнікі тэатра.

«Мы не злачынцы. Мы не парушалі закон. Мы выказалі сваю пазіцыю. У небяспецы знаходзіцца тэатр і кожны яго супрацоўнік.

На цяперашні момант сцягі знятыя з будынка тэатра.

Пры спробах трапіць на працу людзі з пагонамі адмаўляюць супрацоўнікам у тлумачэнні сітуацыі і сілай выпіхваюць за дзверы.

Нагадаем, што пазаўчора быў звольнены гендырэктар тэатра Павел Латушка. Ён у пятніцу выказаўся супраць жорсткага падаўлення пратэстаў, у нядзелю наведаў Марш свабоды, увайшоў у склад Каардынацыйнай рады.

Самі работнікі тэатра таксама выказаліся супраць гвалту і фальсіфікацый выбараў, заявілі пра забастоўку. Калі стала вядома, што Латушку звальняюць, яны таксама напісалі міністру культуры заявы на звальненні. Над тэатрам былі вывешаныя бел-чырвона-белыя сцягі.

Павел Латушка пракаментаваў захоп Купалаўскага тэатра сілавікамі

У Купалаўскі тэатр увялі міліцыю, уваходы заблякаваныя, міліцыя не прапускае тых актораў і супрацоўнікаў, якія падалі заявы на звальненьне, — паведаміў Свабодзе звольнены Мінкультам дырэктар тэатра Павал Латушка.

Частка работнікаў тэатра, якія павінныя забяспечыць ягонае функцыянаванне як установы не падавалі заяваў на звальненне, іх пускаюць, кажа Латушка.

«Гэта беспрэцэдэнтная сітуацыя, каб у ХХІ стагодздзі ва ўстанову культуры ўводзілі сілавікоў, аб якой свабодзе мастацтва і творчасці можа быць гаворка ў такіх умовах», — сказаў Латушка.

У Купалаўскім тэатры абвешчаныя 2 выходныя дні

Актор Купалаўскага тэатра Сяргей Чуб паведаміў Радыё Свабода:

«Учора новы дырэктар заключыў дамову з Дэпартамэнтам аховы МУС. І вось сёньня міліцыя ў сіняй форме блякавала ўсе ўваходы ў тэатр. Мяне асабіста груба выштурхалі з дзьвярэй, калі я пытаў, на якой падставе ўсё блякавана. Адмовіліся адказваць.

Цяпер 20 актораў і супрацоўнікаў тэатра стаяць на вуліцы, абвешчаныя два выходныя дні. Пакуль нашы заявы не падпісаныя, то мы яшчэ фармальна ня звольненыя і маем права доступу. Нас ня могуць звольніць усіх разам. Цяпер мы рыхтуем сход прафсаюзу. Зразумела, што тэатр пакуль працаваць ня будзе.

Усяго было больш за сто заяваў на звальненьне, але і паловы хапіла б, каб паралізаваць працу. На паперцы на дзьвярах тэатра напісана, што у сувязі з санітарна-эпідэміялягічнай сітуацыяй, вядзецца апрацоўка ўсіх памяшканьняў тэатра, і 19 ды 20 жніўня абвешчаныя як выходныя дні».

Паводле Сяргея Чуба, цяпер вядуцца праверкі памяшканьня тэатра, кабінэтаў і грымёрак, і супрацоўнікі хвалююцца, каб чаго не падкінулі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0