Фота: Алесь Дастанка.
Гэта адбылося ў адной з вёсак Слуцкага раёна. Дзіця прывезлі да дзядулі на лета. Ён павёў унучку да каня на полі. А той ударыў дзяўчынку нагой у жывот.
Пра гэта «Кур'еру» паведамілі ў Слуцкім РАУС.
У сераду, 1 ліпеня, у міліцыю паступіла паведамленне, што ў прыёмнае аддзяленне прывезлі 5-гадовую жыхарку Слуцка з дыягназам «тупая траўма жывата».
Высветлілася, што сям'я случчакоў прывезла сваю дачку на лета да дзядулі ў адну з вёсак Слуцкага раёна. Каля 17.15 пажылы мужчына разам з 5-гадовай унучкай пайшоў на поле, каб разблытаць свайго каня, які захрас у кустах.
Калі 67-гадовы мужчына выцягваў жывёлу з кустоў, конь ударыў задняй правай нагой дзяўчынку ў жывот.
Бацькі не сталі пісаць заяву і не захацелі прыцягваць нікога да адказнасці. Па заключэнні Слуцкага РАУС у дзеяннях дарослых адсутнічае склад злачынства.
Паводле інфармацыі «Кур'ера», неўзабаве дзіця павезлі са Слуцка ў мінскую бальніцу. Траўма ў дзяўчынкі мела сур'ёзныя наступствы для яе здароўя.