Днямі выканаўца нашумелай у 2012 годзе песьні «Я из деревни», якую нават называлі неафіцыйным піянэрскім гімнам, наведала пікет альтэрнатыўнага кандыдата ў родным мястэчку на Гомельшчыне і стаяла пад бел-чырвона-белым сьцягам, паведамляе «Радыё Свабода».

Восем гадоў таму дзяўчына хадзіла ў 7 клясу. Відэаролік, дзе яна сьпявала пра любоў да Радзімы, заклікала купляць беларускае і называла сябе актывісткаю піянэрскай арганізацыі, паглядзелі на Youtube 1,5 мільёна чалавек.

«Улада павінна мяняцца»

Пасьля заканчэньня школы Ксенія скончыла Ўнівэрсытэт культуры і выйшла замуж. Нядаўна яна нарадзіла дачку Еву і большасьць часу праводзіць зь ёю дома. Але гэта не перашкодзіла ёй заняць актыўную грамадзянскую пазыцыю — Ксенія прыхільніца пераменаў у краіне і расказала ў інтэрвію Свабодзе, што яе не задавальняе.

Фота Надзеі Бужан

Фота Надзеі Бужан

«На здымку я была на пікеце ў падтрымку альтэрнатыўных кандыдатаў у родным Акцябарскім. Канкрэтна гэта быў пікет за Андрэя Дзьмітрыева. Я не магу выйсьці на пікет у Менску, бо ў мяне маленькае дзіця, і таму мы прынялі з мужам рашэньне пайсьці на пікет, які арганізавалі мясцовыя актывісты ў Акцябарскім. Я за тое, каб кожны меў права выбару. Не павінен адзін і той жа чалавек нязьменна заставацца кіраўніком. Улада мусіць мяняцца».

У гэтым у Ксеніі сямейны кансэнсус. Яна кажа, што такой жа думкі трымаецца ўся яе сям’я, бацькі і блізкія. Мужава мама нават стала блогеркай, здымае відэа ў падтрымку Сьвятланы Ціханоўскай зь вядомым блогерам Андрэем Павуком.

«Муж хадзіў на пікеты салідарнасьці, я не магла, бо не было з кім пакінуць дзіця. Ён там быў і ўсё бачыў. Калі шчыра, то ў мяне наварочваюцца сьлёзы. (Ксенія пачынае плакаць. — РС). Гэта наш народ, і так абыходзіцца зь ім проста нельга. Гэта нягодныя паводзіны. Мы жывём у незалежнай дзяржаве і маем права выбару».

«Мяне вельмі закранулі словы, нібыта «Канстытуцыя Беларусі не пад жанчыну»»

Ад пачатку выбарчай кампаніі Ксенія сачыла за трыма наймацнейшымі кандыдатамі — Бабарыкам, Цапкалам і Ціханоўскай. Аб’яднаньне штабоў пасьля таго, як першых двух не дапусьцілі да выбараў, яна называе слушным. З кандыдатам, за якога аддасьць голас, Ксенія ўжо таксама вызначылася.

«Я падтрымаю думку большасьці народу — гэта Ціханоўская. Яна вельмі разумны чалавек. Але падтрымаю яе таксама і таму, што яна жанчына. Жанчына павінна паспрабаваць прыйсьці да ўлады. Мяне вельмі закранулі словы, нібыта «Канстытуцыя Беларусі не пад жанчыну». Вельмі. Таму неабходна даказаць адваротнае. Я спадзяюся, што Ціханоўская дойдзе да канца».

Зьмены, якія адбыліся за апошні час з кандыдаткай, Ксенія бачыць няўзброеным вокам і галоўнай называе адвагу Ціханоўскай.

«З ціхай мышкі яна ператварылася ў загартаванага ваяра, які стаіць за сваё права. Што будзе далей, ці застанецца яна ў палітыцы, ці сыдзе — гэта яе справа, яе выбар. Магчыма, ёй захочацца вярнуцца смажыць катлеты. Ну і няхай. Галоўнае, каб гэта быў яе выбар».

Ці паўплывае гісторыя Ціханоўскай на іншых жанчын у Беларусі, на іх адчуваньне самастойнасьці?

«Я ведаю мала сем’яў, дзе мужчына лічыцца галоўнай пэрсонай у сям’і і жанчына, маўляў, павінна яго абслугоўваць. Мае знаёмыя пары — гэта партнэры, там няма такога, што калі я мужык, то я заўсёды маю рацыю. Мужчыны або гатовыя на ўсё дзеля жанчыны, або гатовыя на ўсё, бо за імі стаіць жанчына. Таму дуэт Ціханоўскіх вельмі актуальны на сёньня».

«Жанчына ў нейкай ступені нават мацнейшая за мужчыну. Сёньня яна цягне на сабе ня толькі сям’ю, але і працу. Яна можа ўсё гэта сумяшчаць. А мужчына ў наш час зарыентаваны збольшага на свой заробак, на працу. Для мяне жанчына зможа пацягнуць ўсё, яна на гэта здольная. Калі яна за гэта ўзялася, то разумее, у што ўвязалася і гатовая справіцца».

Ксенія на пікеце

«І ў Акцябарскім людзі пачынаюць выходзіць з кухняў»

Нягледзячы на назву песьні «Я из деревни», родны Акцябарскі (гістарычная Рудобелка) Ксеніі — гэта вялікае мястэчка, дзе жывуць 7 000 тысяч чалавек. Свабода пацікавілася, ці шмат зьмянілася на яе малой радзіме ад 2012 года, калі Ксенія праславіла раённы цэнтр на ўсю Беларусь.

«Нічога кардынальна не зьмянілася. Як і шмат дзе ў Беларусі, зьявіліся праблемы з працай. Скарачаюць працоўныя месцы, закрываюць заводы. Гэта сёньня галоўная праблема. Але, вядома ж, нехта застаецца жыць і там, адкрывае ўласны бізнэс, барбэршопы, кветкавыя крамы. Людзі стараюцца, і ня ўсе хочуць ехаць у шумны горад».

Настроі ў мястэчку перад выбарамі яна называе такімі ж, як і ўва ўсёй краіне. На пікеце Дзьмітрыева былі, па яе падліках, каля 40 чалавек. Хай гэта і ня шмат, кажа Ксенія, але «нешта ўжо адбываецца», «людзі пачынаюць выходзіць з кухняў і не баяцца выказваць думку».

«Большасьць усё яшчэ баіцца, аргумэнтуючы гэта сям’ёй і працай. Людзей запалохалі аўтазакі, і яны яшчэ пабойваюцца. Я не баюся. Трэба перамагаць страх, для гэтага трэба мець моцную ўнутраную матывацыю. Я размаўляла зь сябрамі, якія хадзілі на пікеты. Яны казалі: так, я баюся, але мне далей жыць са сваім сумленьнем, і калі я гэтым разам прамаўчу, то як я буду жыць далей і глядзець у люстэрка».

Найбольш страху, на думку Ксеніі, у людзей на высокіх пасадах, якія баяцца страціць працу і сродкі на ўтрыманьне сям’і. Але нават яны, на яе думку, усё часьцей адкрыта кажуць пра сваю незадаволенасьць.

«Мяняць трэба шмат што. Трэба праводзіць рэформы — і ў адукацыі, і ў іншых галінах. Для маладых людзей вельмі складана набыць сваё жыльлё. Гэта давядзецца вырашаць. Я не кажу, што Лукашэнка нічога не зрабіў для краіны. Але ўлада павінна мяняцца, павінна адбывацца нешта новае. Чалавек вельмі доўга ва ўладзе і ў многіх нюансах ён ужо проста не разьбіраецца».

«Падрасло пакаленьне, якое хоча пераменаў»

Ксенія кажа, што 8 гадоў таму не цікавілася палітыкай. Школа і піянэрская арганізацыя давалі ёй магчымасьць цікава праводзіць час, удзельнічаць у культурніцкіх падзеях. Але з пэрспэктывы сёньняшняга дня, лічыць яна, у навучальных установах вучням павінны тлумачыць асновы палітыкі і ўлады.

Фота Надзеі Бужан

Фота Надзеі Бужан

«Памылка ў тым, што нас у школах ня вучаць паліталёгіі, што ня вучаць разьбірацца ў працэсах, якія адбываюцца ў краіне. І моладзь у выніку непісьменная ў гэтых пытаньнях. Але мне пашанцавала, што дома былі «канапавыя палітыкі» і гэтая тэма падымалася ў сям’і. І кожны вырашае, ці выказвацца яму потым, ці не. Вось мы з мужам чакалі, што выкажацца Сяргей Міхалок. Але ён маўчыць, значыць, ён гэтага ня хоча».

Эміграваць зь Беларусі Ксенія пакуль ня хоча, хоць думкі ўжо ўзьнікалі. Яна перакананая, што трэба паспрабаваць мірна правесьці перамены ў краіне. Найбольш іх, на яе думку, чакаюць маладыя людзі.

«Цяпер падрасло тое пакаленьне, якое хоча пераменаў і не жадае таптацца на адным месцы, як гэта было раней. Раней усім кіравалі старэйшыя людзі, пэнсіянэры. Яны былі за цяперашнюю ўладу, баяліся пераменаў. Асабліва гэта ўзмацнілася пасьля таго, як ва Ўкраіне адбыўся Майдан. Тады ўсе ў Беларусі перапалохаліся і маўчалі. Але цяпер людзі проста стаміліся маўчаць і баяцца. Мы хаця і цярплівы народ, але хочам справядлівасьці».

Ксенія ня хоча нават загадваць, што адбудзецца 9 жніўня, у дзень прэзыдэнцкіх выбараў. Яна перакананая, што людзі, якія хочуць пераменаў, не жадаюць ладзіць «майдану» і хочуць, каб перамены адбыліся мірна.

«Пра «майдан» няма нават і гаворкі. Людзі проста выказваюць думкі. Мы хочам спакойна хадзіць па вуліцах. У нас што, забаронена пляскаць у ладкі? Нідзе не забаронена выказваць думку. Мы ж не нападаем на крамы. Мы мірна кажам тое, што думаем. А думаем мы, што прыйшоў час пераменаў і мусім прынамсі паспрабаваць нешта выправіць».

Выканаўца патрыятычнага рэпа «Я з вёскі» Ксенія Дзягелька расказала, як змянілася яе жыццё

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?