Сойм Партыі БНФ уганараваў памятным знакам імя Віктара Івашкевіча Паўла Севярынца, які цяпер знаходзіцца ў зьняволеньні. Гэтым знакам Партыя БНФ традыцыйна адзначае арганізатараў найбольш значных і гучных вулічных акцыяў, паведамляе «Радыё Свабода».

Павал Севярынец атрымлівае яго «на знак прызнаньня ягонай вызначальнай ролі як арганізатара і натхняльніка сэрыі масавых акцыяў пратэсту, што адбыліся ў Беларусі ў канцы 2019 году і былі скіраваныя супраць пагрозаў «паглыбленай інтэграцыі» і страты беларускага дзяржаўнага сувэрэнітэту», — гаворыцца ў заяве Сойму.

Знак быў заснаваны Беларускім Народным Фронтам у памяць пра выдатнага палітыка-фронтаўца Віктара Івашкевіча, арганізатара шматлікіх дэманстрацыяў ды шэсьцяў, які пайшоў з жыцьця ў 2013-м, калі яму было 54 гады. Сёлета ўзнагарода ўручаецца сёмы раз.

Знак імя Віктара Івашкевіча ўручаўся раней намесьніку старшыні Партыі БНФ Вадзіму Саранчукову, лідэру грамадзкай арганізацыі «Альтэрнатыва» Алегу Корбану, кінарэжысэрцы і грамадзкай актывістцы Вользе Мікалайчык, лідэру «Маладога Фронту» Зьмітру Дашкевічу, вэтэрану нацыянальна-адраджэнскага руху Ніне Багінскай, сябру БНФ і ўладальніку крамы Symbal.by Паўлу Белавусу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0