Учора, 26 ліпеня, на пляцоўцы каля Цэнтра інклюзіўнай культуры ў Гомелі праходзіў пікет кандыдата ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай. Па некаторых падліках, ён сабраў каля 14 тысяч чалавек. Не абышлося і без правакацый.

Падчас выступу кандыдата мужчына крычаў у мегафон «Адкажы, чаму з падману пачынаеш? Чаму ўтаіла даходы?» Да мужчыны адразу ж падышлі ахоўнікі і прадухілілі правакацыю. «Нашай Ніве» ўдалося ідэнтыфікаваць правакатара. Ім аказаўся намеснік дырэктара па ідэалогіі аднаго з гомельскіх прадпрыемстваў. Летась на парламенцкіх выбарах ён быў намеснікам старшыні выбарчай камісіі. Пасля мітынгу да яго спрабавалі датэлефанавацца журналісты, але ім ніхто не адказаў.

Бліжэй да канца мітынгу быў заўважаны яшчэ адзін правакатар. Маладая дзяўчына прабралася да сцэны, дастала з заплечніка мегафон і стала крычаць «Людзі, каму вы верыце? Тут няма за каго галасаваць!» Людзям гэта не спадабалася, натоўп быў настроены варожа ў адносінах да яе. Таму служба бяспекі адразу акружыла дзяўчыну колам, забрала мегафон, пасля чаго правакатарка рэціравалася. Асобу дзяўчыны да гэтага часу не ідэнтыфікавалі.

Але на відэа можна заўважыць бландзінку з хвастом і ў масцы. Яна ўвесь час знаходзілася побач з дзяўчынай, у руках у яе быў тэлефон. «Моцным навінам» удалося высветліць асобу бландзінкі. Ёю аказалася дзеючая загадчыца сектара ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі гомельскага гарвыканкама Алена Баркова. Яшчэ нядаўна яна выконвала абавязкі кіраўніка аддзела. Хутчэй за ўсё, Баркова прыйшла разам з дзяўчынай, бо на відэа бачна, што яна сыходзіць услед за ёй, потым яны спыняюцца і пра нешта гутараць.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру