«Дзякую незалежным медыя, што прарэкламавалі сустрэчу. Гатовы адказаць на ўсе вашы пытанні», — распачаў чарговы агітацыйны збор старшыня пралукашэнкаўскага саюза журналістаў Андрэй Крывашэеў. Адказваць давялося шмат — усё, што накіпела за гэтыя гады, гараджане, не маючы магчымасць выказаць Лукашэнку, вылілі на яго давераную асобу. У актавай зале было горача. 

Агітацыйная сустрэча праходзіла ў панядзелак, 27 ліпеня, у мінскай школе №1. На яе сабралася каля 70 чалавек.

Падчас гэтай сустрэчы Крывашэеў дазволіў вывешваць бела-чырвоны-белы сцяг і паабяцаў сумленныя выбары. Але пра ўсё па парадку.

«Скажыце як давераная асоба сыходзячага прэзідэнта»

Многіх хвалявала тэма каранавіруса.

— Ці будзе другая хваля? — запытала маці школьніка.

— Магу абапірацца на меркаванне дактароў, з якімі даводзіцца гутарыць. Узровень калектыўнай імунізацыі ў Беларусі нашмат вышэйшы, чым у краінах, якія прымянялі жорсткі лакдаўн і каранцін, — зазначыў Крывашэеў. — Нават тэсты, якія цяпер праводзяцца, фіксуюць, што ў людзей або высокі ўзровень імунітэту, або ёсць антыцелы.

Дактары кажуць, што гатовыя сустрэць другую хвалю каранавіруса. Я схільны ім верыць, паколькі першую ў прынцыпе наша сістэма аховы здароўя вытрымала. Перагрузкі ўстаноў нават у такіх цяжкіх асяродках, як Мінск і Віцебск, не было. У нас заўсёды быў рэзерв апаратаў ШВЛ.

— То-бок вы верыце, што каранавірус ёсць? — уключылася ў размову іншая жанчына.

— А хто не верыць?

— Як тады ставіцеся да таго, што ў нас праводзіцца парад на 9 Мая, цяпер будзе святкаванне Дня ПДВ?

— Гэтак жа, як і большасць людзей у гэтай зале, якія сядзяць без масак.

— Дык яны пад сваю адказнасць. Бо самі так вырашылі.

— Я неяк пажартаваў: Беларусь ва ўмовах пандэміі стала апошняй дэмакратыяй Еўропы, паколькі даверыла грамадзянам самім на падставе комплекснай аб’ектыўнай інфармацыі выбіраць спосаб барацьбы з каранавірусам, — парыраваў журналіст.

З задніх шэрагаў прарываюцца палітычныя пытанні.

— Скажыце як давераная асоба сыходзячага прэзідэнта: якія меры ён прыняў для правядзення сумленных, празрыстых выбараў? Каб любы чалавек мог быць кандыдытам, а не пасаджаным у СІЗА? Калі вы дасцё права альтэрнатыўным кандыдатам выступаць на дзяржаўных тэлеканалах? — эмацыйныя пытанні мужчыны сустракаюць апладысментамі.

— Можна адказваць? Я разумею вашу эмацыйнасць…

— Ну 26 год ужо, не магу цярпець.

— Ці будуць сумленныя выбары? Так, будуць, як заўсёды.

— Калі? — рагочуць у зале.

— 9 жніўня.

— Якога года?

— Выбары, якія праходзяць у Рэспубліцы Беларусь, прызнаюцца шэрагам нашых партнёраў, у тым ліку місіямі назіральнікаў СНД, Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва і многіх іншых, — адстойвае сваю пазіцыю Крывашэеў. — Што тычыцца місіі назіральнікаў БДІПЧ АБСЕ — гэта паслядоўны крытык беларускай выбарчай сістэмы, на што гэта арганізацыя мае поўнае права. А Беларусь як суверэнная дзяржава мае права прыслухоўвацца да рэкамендацый ці не — роўна як усе суверэнныя дзяржавы ў свеце.

Адрэагаваў журналіст і на словы пра «сыходзячага кіраўніка краіны»:

«Гэты прэзідэнт з’яўляецца пакуль дзейным кандыдатам, і я як давераная асоба веру, што ён будзе пераабраны».

Што да альтэрнатыўных кандыдатаў, то ўсе яны могуць выступіць па ТБ ці апублікаваць сваю праграму ў дзяржаўных газетах, дадаў Крывашэеў. «Многія краіны, нават Злучаныя Штаты, такога права не даюць».

«Калонкі Мукавозчыка — яркая эмацыйная публіцыстыка»

Дыскусія пра СМІ праходзіла нервова. Людзі на сустрэчы былі абураныя пераследам незалежных журналістаў.

— Чаму абяцалі пазбавіць акрэдытацыі «Радыё Свабода», ВВС і астатніх? — запыталася дзяўчына ў чорнай масцы.

— Бо яны парушаюць беларускае заканадаўства, заклікаюць да несанкцыянаваных масавых акцый.

— Яны іх асвятляюць.

— Гэта ваша меркаванне.

— Вы выказваліся, што Мукавозчыку пагражаюць у інтэрнэце, але калі журналістаў б’юць на плошчах, саджаюць у аўтазакі — чаму вас гэта не хвалюе?

— Мы выказваем занепакоенасць затрыманнем і пераследам, цкаваннем і булінгам любых журналістаў.

— Дзе вы гэта казалі? — даносіцца з залы.

— Вось цяпер кажу.

— Напішыце ў сваім фэйсбуку пра гэта.

Крывашэеў патлумачыў, чаму хвалюецца за Мукавозчыка. Маўляў, чалавек заслужаны, сябар Беларускага саюза журналістаў, які Крывашэеў узначальвае, — нельга за таварыша не заступіцца. А правы іншых абараняе Беларуская асацыяцыя журналістаў (недзяржаўная арганізацыя), і добра, што яны не робяць адну і тую ж працу, а дапаўняюць адно аднаго.

Палітычны аглядальнік распавёў таксама, што на нарадзе па свабодзе СМІ Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцве ў Еўропе ён агучыў 100 спраў, у якіх ёсць прамыя пагрозы нанясення фізічнай і маральнай шкоды журналістам.

— Наконт Мукавозчыка, — не супакойваліся людзі. — Вы казалі пра этыку. Я цяпер зачытаю цытаты вашага «залатога пяра». Увага: «чэснае слова, яшчэ павыстаўляецеся, сам пайду ў АМАП, папрашу берцы мацнейшыя…»

— У кожнага грамадзяніна ёсць права служыць, — каментуе Крывашэеў перлы калегі. Мужчына з залы працягвае зачытваць цытаты:

— «Хачу сказаць усяму нашаму крэатыўнаму фэйсбучнаму класу. Вы гатовыя да таго, што ў вашай сям'і, у вашым доме, у вашым асяроддзі кагосьці не стане? Рыхтуйцеся». Як вы пракаментуеце гэтыя словы?

 — Гэта яркая эмацыйная публіцыстыка, — спакойна адказвае журналіст. Ізноў смех публікі.

— А вы хацелі, каб вас сустракалі хлебам-соллю? Не будзе! — кідае выступоўцу пенсіянер з кіёчкам з першага шэрагу.

«Вы падзяляеце прынцыпы свайго кандыдата? Тады пяройдзем на «ты»

Да мікрафона ўжо стаіць чарга з ахвотных пагутарыць з даверанай асобай.

— У мяне будзе бліц, — бярэ слова хлопец. — Пытанне нумар адзін: вы цалкам падзяляеце палітычныя і маральныя прынцыпы кандыдата, якога адстойваеце?

— Я іх цалкам не ведаю, для гэтага трэба вельмі шчыльна ведаць чалавека. Але ў цэлым так.

— Тады пяройдзем адразу на «ты». Андрэй, глядзі якая штука.

— А як цябе завуць?

— Дзіма. Можна Дзімон. Вось статыстыка па каранавірусе. У Швецыі захварэла 79 тысяч чалавек, памерла 5600. Бельгія — 66 тысяч хворых, памерла 9800. Беларусь — 67 тысяч хворых, памерла 534 чалавекі.

— Гэта кажа аб эфектыўнасці нашай сістэмы, — адказвае Крывашэеў. Аўдыторыя рагоча. — Швецыя, у адрозненне ад нас, не запрашала незалежную місію Сусветнай арагнізацыі аховы здароўя для таго, каб праверыць вынікі лячэння і ўмовы аказання медыцынскай дапамогі грамадзянам. Плюс я размаўляў з экспертамі са Швецыі, якія казалі, што такі ўзровень летальнасці быў зафіксаны праз тое, што вельмі шмат пажылых людзей з вялізным букетам хранічных хвароб не атрымалі своечасовага і поўнага доступу да медыцыны.

«А ў нас яны проста памерлі і не трапілі ў статыстыку», — кажуць жанчыны.

— Наступнае пытанне, — працягвае бліц Дзмітрый. — Ты цяпер адкажы як грамадзянін: ты давяраеш гэтым лічбам?

— Так, давяраю.

— Пытанняў няма, дзякуй.

— Дзякуй, Дзімон.

Згадалі людзі і словы самога Крывашэева. «Усім сябрам з альтэрнатыўным пунктам гледжання на пікетах я раю берагчы спіны. Памятаць долю Нігаяна і Жызнеўскага», — пісаў журналіст у фэйсбуку. Ад каго ж берагчы спіны, запыталіся ў яго людзі.

— Ад тых, хто можа выстраліць. Гэта могуць быць правакатары.

— Чые? Ніхто не кажа пра Майдан, акрамя прэзідэнта.

— Гэта няпраўда. Сяргей Ціханоўскі першапаткова заяўляў, што яго мэтай з’яўляецца Майдан.

— Сяргей Ціханоўскі цяпер сядзіць у турме. Святлана Ціханоўская хоць раз сказала пра Майдан?

— Я не адсочваю. Па-мойму, яна пра катлеты кажа. Яна тэхнічны кандыдат, — упэўнены Андрэй Крывашэеў. — Я напісаў той каментар, выкарыстоўваючы свой асабісты досвед 11-гадовай працы ва Украіне. З акцыі 2004 года «Украіна без Кучмы» і да 2015-га, вайны на тэрыторыі Украіны, якая цягнецца даўжэй за Вялікую Айчынную.

Дык вось я не хачу, каб Рэспубліка Беларусь паўтарыла сумны досвед. Маё меркаванне, што тэхналогіі, якія выкарыстоўваюцца ў гэтую выбарчую кампанію, вядуць да парушэння законаў і смерці.

«Міліцыя мела права прымяняць сілавы арсенал, ён не быў празмерны»

На гадзінніку амаль 20:00. Сустрэча вось-вось павінна закончыцца. Але пытанняў не менее, і давераная асоба Лукашэнкі застаецца, каб паспрабаваць адказаць на большасць з іх.

— Чаму забаронены бела-чырвона-белы сцяг? — чакае адказу кабета ва ўзросце.

— Дзе ён забаронены? — здзіўляецца Андрэй Крывашэеў.

— Значыць, я магу на вас спасылацца і вывешваць у акне сцяг? — ловіць яго на слове жанчына.

— Вывешвайце.

— І мне нічога за гэта не будзе?

— Не ведаю.

Калі людзі абурыліся затрыманнямі 14 ліпеня, журналіст апраўдаў дзеянні сілавікоў: усё па пратаколе.

«Гэта былі незаконныя акцыі, міліцыя мела права прымяняць сілавы арсенал, але ён, на мой погляд, не быў празмерны. Ён быў нашмат больш мяккім, чым той інструментарый, якія прымянялі іншыя краіны ў такіх выпадках».

З пытаннем да мікрафона выйшаў Віталь.

— У адным з выступаў ваш кандыдат казаў, што Бабарыка не мог не ведаць пра дзеянні сваіх падначаленых і, адпаведна, з’яўляецца саўдзельнікам. Сёння вынеслі прысуды дзяржсакратару Рады бяспекі Уцюрыну, генеральнаму дырэктару «Белтэлекама» Сівадзедаву і старшыні міжбанкаўскага разліковага цэнтра Каспяровічу. Ім далі за хабар ад 7 да 12 год. Яны ж прызначаны вашым кандыдатам. Па той жа самай логіцы, ці не мог ён быць да гэтага датычны?

— Не, логіка ваша кульгае, — запярэчыў палітычны аглядальнік. — Затрыманне з доказамі злачынства, расследаванне ў судзе спраў дзяржаўных кіраўнікоў высокага ўзроўню кажа толькі пра тое, што барацьба з карупцыяй у Рэспубліцы Беларусь вядзецца на добрым узроўні. І людзі, надзеленыя даверам і ўладай, атрымліваюць максімальныя тэрміны.

Сярод прысутных была актывістка руху «Маці 328» Марына Мацулевіч. Яна прыйшла, каб праз давераную асобу перадаць скаргу кіраўніку краіны на незаконнае затрыманне сына

Сярод прысутных была актывістка руху «Маці 328» Марына Мацулевіч. Яна прыйшла, каб праз давераную асобу перадаць скаргу кіраўніку краіны на незаконнае затрыманне сына

Але пакінем гарачыя спрэчкі. Былі на сустрэчы і прыхільнікі дзейнай улады. Напрыканцы ў адрас Андрэя Крывашэева прагучаў нават панегірык ад маладой бландзінкі.

«Я б хацела вам падзякаваць за карэктнасць і ветлівасць. Адбываецца пастаянная абраза людзей. Усіх, хто выказвае меркаванне, адрознае ад іншых, цкуюць у інтэрнэце. Не звяртайце ўвагу на негатыў. Тых, хто называе сябе мірнымі беларусамі, — я такімі гэтых людзей не лічу. Бо яны прапагандуюць гнеў. Усе вас перабівалі, ніхто не слухаў! Я ўпэўнена, калі б гэты збор адбываўся не ў школе, былі б мацюкі, знявагі. Людзей проста стрымлівае фактар, што яны знаходзяцца ва ўстанове адукацыі. Таму здароўя вам і вашай сям’і», — пажадала дзяўчына журналісту і яго жонцы, якая таксама прыйшла на сустрэчу.

Чытайце таксама:
«А давайце я пазваню адразу Карпенку». Як Крывашэеў хадзіў на агітацыйную сустрэчу ў школу

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?