Некалькі экіпажаў ДАІ пераследавалі 21 ліпеня легкавік на трасе М1, у якім знаходзіліся падазраваныя ў серыі крадзяжоў, паведамляе МУС.
Аўтамабіль Peugeot у выніку спыніўся ў адной з вёсак Дзяржынскага раёна. Кіроўца і пасажыр пабеглі ў розныя бакі. Аднак спроба аказалася няўдалай: праваахоўнікі затрымалі жыхароў сталіцы і Мінскага раёна 45 і 40 гадоў.
Напярэдадні пагоні мужчыны абакралі кватэру ў Баранавічах. З сабой яны забралі некалькі залатых вырабаў, $650, 170 польскіх злотых і 50 рублёў. Інспектары паста ДАІ атрымалі арыенціроўку для затрымання падазраваных.
Падчас пагоні парушальнікі пачалі выкідваць выкрадзенае і прылады злачынства з вокнаў машыны. Аператыўнікам удалося знайсці выкрадзенае.





