Вярхоўны суд не стаў заводзіць грамадзянскую справу па скаргах Віктара Бабарыкі на рашэнне ЦВК не рэгістраваць яго кандыдатам у прэзідэнты. Гэтую інфармацыю sb.by паведаміла афіцыйны прадстаўнік Вярхоўнага суда.
Фота Надзеі Бужан.
Скаргі ў суд на пастанову Цэнтрвыбаркама Віктар Бабарыка падпісаў 17 ліпеня. Ён прасіў прызнаць пастанову ЦВК незаконнай, неабгрунтаванай і абавязаць Цэнтральную камісію зарэгістраваць яго ў якасці кандыдата ў прэзідэнты краіны.
У ч. 5 арт. 68-1 Выбарчага кодэкса сказана, што «асоба, якая вылучана кандыдатам у Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь, можа абскардзіць рашэнне Цэнтральнай камісіі аб адмове ў рэгістрацыі кандыдатам у Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь у трохдзённы тэрмiн з дня прыняцця рашэння». Рашэнне ЦВК прынята 14 ліпеня. Гэта значыць тэрмін для падачы скаргі, на думку суда, скончыўся 16 ліпеня, а Бабарыка скаргу падпісаў на дзень пазней. Хоць копія пастановы ЦВК была атрымана на наступны дзень пасля адмовы, г.зн. 15 ліпеня, а не 14.
У сувязі з гэтым справу заводзіць не сталі.





