Цэнтральны камітэт Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) правёў пасяджэнне, падчас якога вызначыў палітычныя прыярытэты на найбліжэйшы час.

Як расказаў «Радыё Свабода» лідар партыі Ігар Барысаў, перадусім абмяркоўваўся ход прэзідэнцкай кампаніі. Цэнтральны камітэт выказаў пратэст ЦВК у сувязі з абмежаваннем колькасці назіральнікаў на выбарчых участках і лічыць яго незаконным.

У звязку з гэтым падрыхтаваныя скаргі на імя старшыні ЦВК Лідзіі Ярмошынай, а таксама ў Міністэрства юстыцыі, Генеральную пракуратуру і суд.

Таксама было заяўлена, што БСДП (Грамада) адкрытая да супрацы і каардынацыі дзеянняў са штабамі Святланы Ціханоўскай, Віктара Бабарыкі і Валерыя Цапкалы.

Па словах Ігара Барысава, сябрам і прыхільнікам БСДП рэкамендавана галасаваць у асноўны дзень выбараў за Святлану Ціханоўскую, а таксама адстойваць сваё права на волевыяўленне ўсімі законнымі метадамі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0