Фота Tut.by
Ад палітвязня Арцёма Сакава ужо тры тыдні няма ніякіх вестак. Пра гэта «Вясне» паведамілі ягоныя бацькі.
Ларыса Сакава мяркуе, што Арцём піша лісты, аднак яны не даходзяць: «Хутчэй за ўсё, нам іх не адпраўляюць, але перадачы і пасылкі яму перадаюць».
Раней лісты ад Арцёма прыходзілі рэгулярна — не толькі бацькам, але і іншым ягоным сваякам.
«Цяпер — нічога. Мы зразумець не можам. Рэгулярна адпраўляем яму канверты, ручкі, сшыткі», — адзначыла Ларыса Сакава
Адзіны раз, калі бацькам удалося ўбачыць Арцёма пасля яго затрымання — другога ліпеня на адміністрацыйным судовым пасяджэнні ў Гродзенскім абласным судзе, якое праходзіла праз відэа-сувязь.
«Каб неяк зірнуць на Арцёма, мы ездзілі ў Гродна. Бачылі яго, ён вельмі схуднеў. Пагутарыць [нам не ўдалося], толькі пераглянуліся [праз відэасувязь — заўв.] — і ўсё…», — падзяліўся ўспамінамі бацька Арцёма Мікалай.
У той дзень суд вырашыў пакараць Арцёма Сакава арыштам у пяць сутак — за той жа інцыдэнт, за які ён затрыманы ў рамках крымінальнай справы па частцы 1 артыкула 342 КК РБ (Арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак).





