«Чаму я падтрымліваю Святлану Ціханоўскую? Па-першае, прываблівае шчырасць і яснасць яе пазіцыі, ключавымі пунктамі якой з’яўляюцца вызваленне палітычных вязняў і правядзенне новых свабодных выбараў без Ярмошынай, — напісаў у сябе ў фэйсбуку доктар гістарычных навук Аляксандр Смалянчук.

Па-другое, захапляе мужнасць жанчыны, палітычны выбар якой карэнным чынам змяніў яе жыццё, прывёў да расстання з дзецьмі і зрабіў няпэўнай паслявыбарчую будучыню», — піша прафесар.

«Прыгадваецца гераічны вобраз ураджэнкі Віцебшчыны Эміліі Плятэр, якая не толькі далучылася да Лістападаўскага паўстання 1830 г., але нават узначаліла атрад інсургентаў і атрымала званне капітана». 

«Ніколі раней у нашай краіне не назіралася такога масавага непрыняцця ўлады і ніколі не быў настолькі відавочным дысананс словаў і дзеянняў прэзідэнта і ягонага атачэння не толькі з агульначалавечымі каштоўнасцямі і прыярытэтамі сусветнага развіцця, але нават з элементарнымі нормамі культуры і выхавання, — адзначае гісторык. — Сёння «лукашэнкаўскі фармат» дзяржаўнасці ў вялікай часткі грамадства выклікае адкрытую агіду і абурэнне. «Перафарматаванне» сталася першачарговай задачай для мільёнаў людзей. Сімвалічна, што найбольш голасна пра гэты канец абвясцілі тры беларускія жанчыны — Святлана Ціханоўская, Марыя Калеснікава і Вераніка Цапкала».

Прафесар Смалянчук адзначае, што не верыць у запушчаную качку пра «газпромаўска-ціханоўскую інтрыгу» супраць беларускай дзяржаўнасці.

«Падмурак дзяржаўнасці найбольш разбурае палітычны курс Лукашэнкі, вынікам якога стала вялізная залежнасць гаспадаркі ад расейскай сыравіны і паспяховы працяг русіфікацыі», — піша Смалянчук. «Новы прэзідэнт — гэта новыя магчымасці для развіцця адносінаў і з Захадам, і з Усходам. Стаць прэзідэнтам дзеля ліквідацыі краіны, народ якой цябе абраў, здаецца, такога яшчэ не ведала сусветная гісторыя», — тлумачыць гісторык.

«Тым, каму не хапае ўласна беларускай культурніцкай складовай у дзеяннях новай апазіцыі, прапаную далучыцца да яе атрада і такім чынам выправіць сітуацыю. Жыве Беларусь!» — дадае Алесь Смалянчук.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0