Фота Надзеі Бужан
На сайце тэатра пазначана, што спектакль паводле п'есы Янкі Купалы адбудзецца 23 і 24 верасня.
Раней меркавалася, што спектакль адновіцца ў чэрвені, але, відаць, умяшаўся каранавірус, таму рэ-прэм'еру давялося перанесці.
«Цяпер я прыдумаў іншую форму «Тутэйшых». Гэта зусім не падобна да таго, што было раней. Нават калі нічога не атрымаецца, то тэкст Купалы ўсё адно павінны гучаць з нашай сцэны. Для мяне гэта найлепшая ягоная пʼеса. Самая сурʼёзная, самая грунтоўная і самая сучасная. Бо мы не будзем памежжам паміж лацінскай культурай і візантыйскай», — казаў у лютым мастацкі кіраўнік тэатра Мікалай Пінігін.
Пазначана, што сцэнаграфія і касцюмы — Кацярыны Шымановіч, музыка — Андрэя Зубрыча.
«Тутэйшыя» — легендарны спектакль, што з трыумфам ішоў на сцэне Купалаўскага ў 1990-х і пачатку 2000-х. Упершыню быў пастаўлены 17 кастрычніка 1990 года. У 1992-м атрымаў Дзяржаўную прэмію. Пры канцы п'есы на сцэне ўздымаўся бел-чырвона-белы сцяг, што было вельмі кранальна пасля зменаў дзяржаўных сімвалаў у маі 1995 года.
У 1990-х Янку Здольніка іграў Аляксандр Лабуш, Мікіту Зносака — Віктар Манаеў, Аленку — Зоя Белахвосцік, Усходняга вучонага — Генадзь Давыдзька (потым — Аляксандр Падабед).
Таксама дырэктар тэатра Павел Латушка анансаваў хуткае вяртанне і іншай культавай п'есы Купалаўскага — «Ідылія».





