Кандыдат у прэзідэнты Ганна Канапацкая ў эфіры БТ-1 агучыла асноўныя палажэнні сваёй перадвыбарчай праграмы. Яна выступае за еўрапейскі шлях краіны, выхад з Саюзнай дзяржавы, АДКБ, за правядзенне рэформ. Свой выступ яна прадублявала на дзве дзяржаўныя мовы.

— Нам неабходна спыніць імклівае падзенне краіны ў сацыяльную і эканамічную бездань. Трэба аднавіць тое, што страчана за чвэрць стагоддзя цяперашняй уладай. Мы страцілі больш за мільён суграмадзян. Мы апынуліся ў жахлівай дэмаграфічнай яме. Мы цалкам страцілі аўтарытэт у свеце і нават сярод суседзяў. Мы маем адсталую прамысловасць, неэфектыўную сельскую гаспадарку, напаўзадушаны прыватны сектар, гіганцкі знешні доўг, велізарны адміністрацыйны і рэпрэсіўны апараты, насельніцтва, што бяднее, і аўтарытарнага лідара на чале дзяржавы, — заявіла Канапацкая.

Кандыдат мае намер правесці падатковую і судовую рэформы, перагледзець бюджэтную палітыку, правесці прыватызацыю некаторых дзяржпрадпрыемстваў.

Таксама Канапацкая выступае за нейтралітэт Беларусі. Яна прапануе дэнансацыю дамовы аб саюзнай дзяржаве, выхад з АДКБ, спыненне дагавораў арэнды расійскіх вайсковых аб'ектаў на тэрыторыі Беларусі і вывад расійскіх вайскоўцаў.

У выпадку абрання Канапацкая мае намер правесці частковую рэформу аховы здароўя, а таксама пенсійную рэформу.

Канапацкая адзначыла, што выступае за бяскроўны дэмакратычны пераход улады. Яна прапанавала абмежаваць прэзідэнцтва адным сямігадовым тэрмінам, змяненне сістэмы дзяржаўнага кіравання ў форму парламенцка-прэзідэнцкай рэспублікі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0