На чэмпіёна Грузіі па бодзібілдынгу Шота Лабжанідзэ склалі яшчэ два адміністрацыйныя пратаколы за абразу актывістаў БРСМ. Гэтым разам — без затрымання, кайданкаў і дастаўлення ва ўпраўленне па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй МУС. Па словах Шоты Лабжанідзэ, пратаколы ён яшчэ не падпісаў: на мінулым тыдні разам з сям'ёй ён з'ехаў з Беларусі, паведамляе Tut.by.

16 ліпеня, распавядае Шота Лабжанідзе, яму патэлефанаваў, а затым у месенджар напісаў чалавек, які назваўся супрацоўнікам РУУС. Той паведаміў, што «ўсяго [было] чацвёра пацярпелых, засталося два».

Ён нагадаў, што пра гэта Шоту Лабжанідзэ папярэджвалі, а таксама папрасіў «не пагаршаць становішча».

Цяпер на Шоту складзеныя яшчэ два пратаколы за абразу па артыкуле 9.3 Кодэкса адміністрацыйных правапарушэнняў. Яна прадугледжвае штраф да 20 базавых велічынь.

З пратаколамі ён яшчэ не азнаёміўся і не падпісаў, паколькі на мінулым тыдні разам з сям'ёй часова з'ехаў за мяжу.

— Хутчэй за ўсё, павінны даслаць па пошце, — кажа Шота Лабжанідзэ.

Нагадаем, 19 чэрвеня Шоту Лабжанідзэ затрымалі каля мінскага цырка падчас «Ланцуга салідарнасці», хоць у пратаколе аб адміністрацыйным парушэнні пазначылі, нібыта гэта адбылося на Грушаўцы, дзе ён удзельнічаў у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. У выніку Шота Лабжанідзэ сустрэў сваё 30-годдзе ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў, пасля чаго яшчэ быў суд па адміністрацыйнай справе і штраф у 20 базавых велічынь (540 рублёў).

10 ліпеня Лабжанідзэ зноў зацікавіліся праваахоўнікі. Проста падчас трэніроўкі ў фітнэс-клубе да яго прыехалі супрацоўнікі ГУБАЗіК МУС, надзелі на яго кайданкі і даставілі ва ўпраўленне. Там ён прабыў некалькі гадзін, пасля чаго быў суд і чарговы штраф — 20 базавых.

Прычынай такіх дзеянняў паслужыла адміністрацыйнае правапарушэнне, якое Шота Лабжанідзэ здзейсніў 6 чэрвеня: у асабістыя паведамленні актывістам БРСМ ён напісаў слова, якое было расцэнена як абраза.

13 ліпеня аб правапарушэнні Шота Лабжанідзэ выказаўся першы намеснік міністра ўнутраных спраў Генадзь Казакевіч.

- Давайце сыдзем ад прававой ацэнкі гэтай сітуацыі і ацэнім яе з пункту гледжання маралі і маральнасці, — прапанаваў падчас анлайн-трансляцыі Генадзь Казакевіч. — Хіба дастойна грузінскага мужчыны пісаць такое жанчыне, наколькі я памятаю, сябру БРСМ? З іншага боку, на тое яно і прававая дзяржава, каб па законе кожны грамадзянін меў не толькі правы, але і адказнасць за ўсё, што ён здзяйсняе. У тым ліку і за тыя абразы, якія былі адрасаваныя зусім невінаватаму чалавеку.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?