Птушкі пасяліліся каля цэха №9. Спачатку там пасялілася адна сава. А праз нейкі час каля яе заўважылі трох пухнатых птушанят, паведамляе «Веснік Нафтана».
Сярод першых вушастую саву заўважыў машыніст цэха №009 Алег Заляціла. Цяпер завадчане ўважліва сочаць за птушкамі.
«Спачатку тут бачылі птушку, буйнейшую за нашу саву, — распавядае ён. — Затым засталася толькі адна, а літаральна праз тыдзень заўважылі савянят. Спачатку было адно птушаня, затым другое — яны з'яўляліся па чарзе. Цяпер тут трое малых. Усе яны рознага памеру і трохі адрозніваюцца вонкава. Ім тут ёсць чым харчавацца: мы нядаўна касілі траву вакол вытворчасці і заўважылі шмат грызуноў.
Птушыная сям'я раскватаравалася на ўсё той жа алеі таполяў, дзе іх даволі складана ўбачыць. Дарослая птушка мармуровым апярэннем выдатна мімікруе пад пярэстую кару пянькоў старых сечаных ствалоў, і шараватыя пуховыя малыя ледзь прыкметныя сярод бледных гладкіх галін дрэва.





