Аляксандра Зверава, дзяўчына затрыманага Эдуарда Бабарыкі, падзялілася з Рэдакцыяй «Нашай Нівы» лістамі, якія прыходзяць да яе з СІЗА КДБ, дзе з 18 чэрвеня знаходзіцца Эдуард. Калі і вы хочаце напісаць ліст, калі ласка, укладайце канверт са зваротным адрасам і маркамі на ім, каб Эдуард меў магчымасць адказаць вам. 

Сашка, ку-ку! 

Апошні ліст у сваім жыцці я адпраўляў, калі мне было 11, калі вёў перапіску з 18-гадовай дамай з бурацкага чата:) Відаць, той досвед зрабіў на мяне незабыўнае ўражанне. 

Умовы і стаўленне не выклікаюць ніякіх пытанняў, таму можна сказаць, што я ў бяспецы і ў мяне ўсё добра, наколькі можа быць добра ў маіх умовах. Тут вельмі шмат вольнага часу, які я прысвячаю чытанню і самаразвіццю. Ужо вымалёўваецца ўласны графік, які робіць дні карыснымі і насычанымі. Спадзяюся, што і з тваёй дапамогай у мяне атрымаецца акружыць сябе ўсёй неабходнай літаратурай і атрыбутамі. 

Такім чынам, магу зрабіць выснову, што нагодаў для хвалявання за мяне няма. Калі нехта цікавіцца, то можаш усіх супакойваць. Спадзяюся, што гэтыя радкі табе таксама дададуць упэўненасці. Як пісаў Сіманаў: «Уставай, мой хлопчык, на свеце два разы не паміраць», «нішто на свеце не зможа нас выбіць з сядла. Такая ўжо пагаворка ў маёра была». 

Ку-ку, Сашка!

Толькі сёння, 30 чэрвеня, атрымаў 2 твае лісты. Яшчэ прыйшоў ліст ад Яраслава, больш лістоў няма:)

Учора атрымаў перадачку, асобны дзякуй за сінія шорты — гэта тое, чаго мне не хапала. У мінулым лісце я склаў спіс таго, чаго яшчэ не хапае, плюс перадаваў частку праз адвакатаў. Карты — нельга:) А вось шахматы, шашкі, нарды можна. Адвакаты павінны былі перадаць. 

Дзякуй вялікі табе за падтрымку! Перадавай прывітанне-ўдзячнасць усім, хто падтрымлівае, няхай ведаюць, што нашы сэрцы (маё ў прыватнасці) напоўнена ўпэўненасцю, што дабро пераможа. 

Як казаў наш любімы Сэм, адказваючы на пытанне Фрода, на што яны абапіраюцца: «Мы абапіраемся на тое, што ў свеце ёсць дабро. І што самая непраглядная цемра аднойчы рассейваецца». Ведай, што ніхто не журыцца і не адчайваецца, бо праўда заўжды перамагае. Спадзяюся, у цябе ўсё добра, я побач. 

Сашка, ку-ку! 

(…) Па-ранейшаму ўсё добра. Сёння мне адвакаты расказалі пра відэазварот ад Элайджа Вуда ў падтрымку нас. Гэта так крута, што Фрода з намі!!! Цікава, ці апублікавалі СМІ гэтае відэа? 

Вораг дазволіў мне займацца ў камеры (рабіць фізічныя практыкаванні), чаму я вельмі рады. Цяпер займаюся раніцай на шпацыры, днём у камеры. Цяпер вельмі чакаю спіс кніг, алоўкі і шахматы — зажыву!

(…) Сёння адвакаты паказвалі мне артыкул на TUT.BY — вясёлыя вы, дзякуй! Мне вельмі прыемна. Сумую па табе і Кокічу! Дзяліся, калі ласка, навінамі, мне вельмі прыемна атрымліваць лісты — быццам глыток свежага паветра. 

(…) Рады, што ў хлопцаў і дзяўчат у «Вулеі» ўсё добра. Упэўнены, што вы дасце рады. За мяне ні ў якім разе не перажывай. Праўда і дабро заўсёды перамагаюць. Спадзяюся, што не атупею ад немагчымасці ствараць. 

Пра падзеі ў Беларусі і свеце па-ранейшаму нічога не ведаю — толькі ўрыўкі. Спадзяюся, што газеты вырашаць гэтую праблему. 

Дзякуй вялікі табе за падтрымку, я яе адчуваю! Пацалуй і абдымі ад мяне Кокіча. Спадзяюся, яна мяне не забудзе. 

Буду чакаць новых лістоў. Не перажывай за мяне — усё вырашыцца. Цяпер больш важна ўсім на волі рабіць тое, што павінны. Перадавай Машцы, дзядулю і ўсім хатнім прывітанне.

Эдуард, прадавец петардаў

P.S. Дзякуючы трымеру я цяпер лысы, але бараду не чапаю. 

Сашулька-прыгажунька, прывітанне! 

(…) У мяне па-ранейшаму ўсё добра. Чакаю спіс кніг і шахматы, каб прадуктыўней бавіць час. 

Я вельмі рады таму, што вы стасуецеся з Машкай, спадзяюся, у вас атрымаецца падтрымліваць адна адну. Сумую па табе. Мне вельмі важныя твая падтрымка і твой баявы дух. Мне таксама бясконца прыемна атрымліваць твае лісты, кароткія і вялікія, на ўсемагчымыя тэмы. Ты прыўкрасная:) Таксама хачу паціскаць маленькага Кокіча. 

Адкрыў для сябе Муракамі ў бібліятэцы СІЗА. Чытаю ўжо другую яго кнігу. Вельмі дзіўна, што раней пазбягаў дзядулю Харукі:) Ён шыкоўны. (…)

Сашун, ку-ку! 

(…) Сёння атрымаў пасылку. Аграмадны дзякуй! Усё прыйшлося вельмі дарэчы. Мята выдатная. Магчыма, аднойчы ўдасца перадаць пластыкавыя шахматныя фігуры, каб выкарыстаць іх на дошцы, якую атрымаў. Вельмі спадзяюся на тое, што ты адчуваеш сябе добра, высыпаешся і адпачываеш. Разумею, што сітуацыя не спрыяе, але спадзяюся, што ты ўсё ж знаходзіш магчымасці для невялікіх радасцяў. Я таксама спадзяюся, што Кокіч хоць часам, але спіць з табой у ложку:) Ліст невялікі, проста хацеў падзяліцца ўдзячнасцю за пасылку і добрым настроем.

Абдымайся з чэбурэчкам і радуйся сонейку!

Эдзянча

Мілая Сашанька, 

(…) Да гэтай пары не магу прыняць навіну пра бабулю, моцна перажываю і расстройваюся, што не побач з табой. Але ты ведай, што я кожную секунду ў тваім сэрцы, а ты — у маім. Гэта думка напаўняе мяне цеплынёй і сэнсам. Дзякуй табе за тое, што застаешся побач. Мы ўсё вытрымаем і зноў будзем шчаслівыя. 

(…) Не ўяўляю, як моцна змянілася тваё жыццё, але ведаю, што ты з усім справішся. Бо ты непераможная Сашка Бальбао. Жарт пра тое, што я ў СІЗА і таму няма каму цябе даводзіць да слёз, вельмі спадабаўся. Проста ў кропку. Усміхаюся:) 

(…) Я так рады, што ты працягваеш снедаць з сябрамі на выходных. Гэта так добра, што вакол цябе такія людзі! Ведай, што са мной усё добра. Псіхалагічна і фізічна. СІЗА — ідэальнае месца для трэніроўкі сілы духу і волі. 

Учора ноччу праз вокны былі чутны няспынныя аўтамабільныя сігналы. Падтрымка блізкіх і тых, хто суперажывае, даюць шмат сіл. Усё мацней пераконваюць, што ўсё не дарма. 

Мару пра сустрэчу, мая чароўная Саша. Побач з табой заўсёды. 

Твой Эдзька. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0