konkurent.ua
Раніцай 21 ліпеня ў цэнтры ўкраінскага горада Луцк узброены злачынца захапіў пасажырскі аўтобус, паведамляе паліцыя Валынскай вобласці.
Паводле звестак праваахоўных органаў, пры сабе ён мае выбухоўку і зброю. У салоне аўтобуса знаходзяцца каля 20 закладнікаў.
У вобласці уведзены аператыўны план «Закладнік», цэнтр горада ачэплены паліцыяй.
Мясцовае выданне «валынскія навіны» інфармуе, што відавочцы чулі стрэлы. Перад драмтэатрам знаходзіцца аўтобус з пашкоджанымі вокнамі.
Па словах намесніка міністра ўнутраных спраў Антона Герашчанкі, праваахоўнікі сканцэнтраваны на дыялогу з нападнікам.
«Асоба, якая захапіла закладнікаў, патэлефанавала ў 09:25 у паліцыю і прадставілася імем Максім Плахой», - адзначыў ён.
Ён таксама дадаў, што ў Інтэрнэце ёсць кніга «Філасофія злачынца» аўтарства Максіма Плахога. У ёй апісваецца знаходжанне аўтара ў месцах зняволення і яго погляды на жыццё.
11:20
Korrespondent.net паведамляе, што перад захопам аўтобуса ён апублікаваў допіс у Twitter, у якім патлумачыў свой учынак.
У прыватнасці, ён павіншаваў усіх з днём антысістэмы і заявіў, што «дзяржава — гэта першы тэрарыст».
Ён патрабуе, каб кіраўнікі судоў, міністэрстваў, пракуратуры, парламента, цэркваў запісалі і выклалі ў Youtube заявы аб тым, што менавіта яны - тэрарысты ў законе.
«Праўда з вуснаў 24-х выратуе жыцці сотняў», - напісаў ён.
Мясцовыя СМІ са спасылкай на паліцыю паведамляюць, што захопнік закладнікаў з'яўляецца былым удзельнікам АТА. Аднак у каментары РБК-Украіна ў праваахоўных органах гэтую інфармацыю не пацвярджаюць.
12:15
Тэрарыст заявіў, што выбухоўка можа быць схаваная ў людным месцы. У мужчыны шмат зброі. Ён мае гранаты і міну.
«Свае патрабаванні ён апублікуе ў сацсетках», - гаворыцца ў паведамленні.
На месца вылецеў кіраўнік МУС краіны, у Луцк перакідваюць вайскоўцаў.
12:45
Жыхароў Луцка просяць заставацца дома і на працоўных месцах пакуль у горадзе працягваецца спецаперацыя па вызваленні закладнікаў. Пра гэта гаворыцца ў заяве Службы бяспекі Украіны, паведамляе РБК-Украіна.
Зараз праваахоўнікі робяць усё магчымае для вызвалення каля 10 закладнікаў, якія знаходзяцца ў захопленым аўтобусе «Берасцечка-Красілаўка».
Інфармацыі аб пацярпелых пакуль няма.
12:55
Прадстаўнікі ўладаў паведамілі, што на кантакт мужчына не ідзе. Крыніца «Інтэрфакс-Украіны» распавяла, што мужчына «перыядычна бярэ тэлефон, але ніякіх канкрэтных патрабаванняў не выстаўляе, а кажа толькі агульныя фразы аб барацьбе з сістэмай, анархіі і таму падобным».
Тэрарыст, што захапіў аўтобус з пасажырамі ва ўкраінскім Луцку, аказаўся ўраджэнцам Расіі





