«Цяперашнія хваляваньні паказваюць, што рэйтынг дзейнага прэзыдэнта дастаткова нізкі». Чэмпіён сьвету і Алімпійскіх гульняў, уладальнік шэрагу ўсясьветных рэкордаў у цяжкай атлетыцы Андрэй Арамнаў у інтэрв'ю Радыё Свабода пра пераемніка Лукашэнкі, ціхароў на акцыях і пагрозу расейскай губэрні.

Права на ўласную думку не злачынства, канстатуе 32-гадовы штангіст з Барысава Андрэй Арамнаў. І дзяжурная «адмазка» — маўляў, палітыкай не цікаўлюся — дакладна не пра яго.

«Ад наляганьня на сала выпрацоўваецца «пэрдоній»»

Андрэй Арамнаў дазваляе сабе кепікі, камэнтуючы некаторыя «рэвалюцыйныя ідэі»: «Спартовец на сале далёка ня выедзе, бо ўжываньне сала выпрацоўвае «пэрдоній»», — пасьмяяўся ён з рэкамэндацый Аляксандра Лукашэнкі наконт таго, які «допінг» ужываць перад спаборніцтвамі.

Часьцяком словы аддаюцца бумэрангам: за вострыя заявы трапляла і яму самому, і трэнэрам, і камандзе, і родным. Але на тое і нефарматны, каб быць непадобным да іншых, разважае суразмоўца.

«Я ў пэўным сэнсе адзін такі, — адкідвае сьціпласьць спартовец. — Арамнаў — гэта ўжо брэнд. Я рознабакова разьвіты чалавек, цікаўлюся многімі рэчамі. У сваіх ацэнках карыстаюся досьведам, назапашаным ня толькі ў Беларусі, а і ў сьвеце. Чалавек з нармальным IQ павінен мець уласную пазыцыю, як інакш? І жыцьцёвы вопыт мяне не падводзіў. Вядома, здаралася, заводзіў убок ад магістральнай лініі, але ўсё роўна ў выніку не падводзіў. Таму лічу патрэбным дзяліцца і атрыманымі ведамі, і грамадзянскай пазыцыяй».

На пачатку сёлетняй прэзыдэнцкай кампаніі Андрэй Арамнаў ня стаў у адзін шэраг з калегамі, многія зь якіх пад капірку выступілі за дзейнага кіраўніка краіны, а падтрымаў іншага кандыдата — Сяргея Чэрачня. Прыйшоў у пікет, зрабіў сумесны здымак.

«Я хацеў зьвярнуць увагу патэнцыйных выбарнікаў на маладых, таленавітых беларускіх палітыкаў. І я гэта зрабіў. Сяргей Чэрачань — айцішнік, бізнэсовец, антыкрызісны мэнэджар. Ён мне імпануе, бо прадстаўляе новую генэрацыю дзелавой Беларусі… Што тычыцца голасу, які я буду аддаваць 9 жніўня, — гэта ўласнае рашэньне, і хай яно да канца застаецца маім. Ніхто ў гэтай краіне ня зможа навязаць нейкую сваю думку. Таксама як і нельга пазбаўляць чалавека права на пратэст», — лічыць алімпійскі чэмпіён.

«Шмат беларусаў усяго баяцца па сваёй прыродзе»

Чаму людзі спорту, за выключэньнем асобных сьмельчакоў, у гэты гарачы час стараюцца або ціхенька адседзецца, або перастрахавацца панэгірыкам на адрас дзейнага прэзыдэнта? Чаго баяцца? Наступстваў з боку профільных ведамстваў, пазбаўленьня дзяржаўнага фінансаваньня? Збольшага, сябе, — адказвае Андрэй Арамнаў.

«У нас вельмі шмат людзей, якія ўсяго баяцца па сваёй прыродзе — каб чаго ня выйшла. Ну, і так склалася, што ў Беларусі часам сапраўды лепш прамаўчаць, чым сказаць лішняга. Я не баюся. Тым больш гэта прапісана ў Канстытуцыі: кожны грамадзянін можа выказваць уласную думку. Адпаведна, не парушаю нічога, што мне гарантавана Асноўным Законам. Гэта першае. Па-другое, чым больш мяне ў публічнай прасторы, тым лепей. Нават дрэнны піяр на карысьць. Мэдыйнасьць у тым ліку дапамагла мне вярнуцца на памост. А мае вынікі — аплявуха тым, хто мяне абражаў».

А як тады ацаніць паводзіны сілавікоў, якія жорстка зьбіваюць, затрымліваюць, кідаюць у аўтазакі тых, хто выказвае нязгоду зь ператрусамі, пасадкамі канкурэнтаў, нерэгістрацыяй патэнцыйных кандыдатаў? Апанэнты таксама спасылаюцца на пункты Канстытуцыі, якая дае права на плюралізм думак.

«Паводле міліцыі, ёсьць парушэньне правілаў масавых збораў, патрэбны дазвол. З аднаго боку, на мітынгі трэба выходзіць, каб улады разумелі, што рэальна адбываецца ў краіне. Зь іншага, што гэта дасьць ва ўмовах, калі пратэстоўцаў мала, няма лідара? Атрымаюць штраф ці суткі. Стопрацэнтна згодны, што нельга пазбаўляць права на свабоду выказваньня. Але каб улады лічыліся, маштаб павінен быць іншы. Хоць нават такая актыўнасьць паказвае, што рэйтынг прэзыдэнта дастаткова нізкі. Не пад 80%, нашмат меней. Ну, і сілавікам трэба нешта рабіць, каб захаваць парадак».

Андрэй Арамнаў не хавае абурэньня, якім чынам праваахоўнікі наводзяць той самы «парадак». Асабліва гэта тычыцца незразумелых людзей у цывільным, якія, не прадстаўляючыся, хапаюць людзей і расьпіхваюць у аўтамабілі без нумароў. Фактычна выкрадаюць, — канстатуе ён.

«Міліцыянт павінен быць у форме. Кропка. Усе астатнія, хто хапаюць людзей, — апрыёры хуліганы, якім трэба адказваць іхнімі ж мэтадамі. Я не трапляў у такую сытуацыю, але гарантую: кожны атрымаў бы па кумпале. Можа, абрабаваць хочуць, мэдалі скрасьці, я ж ня ведаю, што ў іх за думкі. Чаго ходзіш у трэніках, мундзір згубіў? Ну дык дрэнны супрацоўнік, хай начальства разьбярэцца, ці варта трымаць. І караць тых, хто адбіваецца ад незразумелых чувакоў, — абсурд. Стаіце на варце парадку — калі ласка, абазначце сябе, а не прыкідвайцеся «мірнымі грамадзянамі»».

«Людзі апасаюцца, што галасаваньне будзе несумленным»

Пры гэтым пэрспэктывы новага чалавека на пасадзе прэзыдэнта Андрэй Арамнаў ацэньвае як «мізэрныя». Мяркуючы па апошніх падзеях, адладжаная сыстэма наўрад ці дасьць збой.

«Зь вялікай доляй верагоднасьці можна сказаць, хто будзе прэзыдэнтам. Дакладней, хто застанецца на гэтай пасадзе. Думаю, у цяперашняй сытуацыі наўрад ці што зьменіцца. Не кажу, што перадвызначана на 100%, усё ж апошняе слова скажуць беларусы. Але сытуацыя сьведчыць, што кампанія скончыцца на карысьць дзейнага прэзыдэнта. Шмат хто апасаецца, што галасаваньне будзе «нячэснае», выбары зноў сфальсыфікуюць, але многія падтрымаюць «стабільнасьць». То-бок проста пужае экспэрымэнт з новым чалавекам на чале краіны», — мяркуе ён.

Андрэй Арамнаў згодны, што за такі працяглы тэрмін на прэзыдэнцкай пасадзе Аляксандар Лукашэнка апынуўся ў палоне ўласнага атачэньня, якое, каб дагадзіць, малюе яму ідылічныя карціны.

«Магчыма, тыя людзі, якія дапамагаюць яму ў працы, не гавораць пра рэальнае становішча ў краіне. Такая спроба адгарадзіць боса ад унутраных праблемаў ня вельмі плённая, бо стварае няправільную карціну рэальнасьці. Лукашэнка вельмі доўга на пасадзе. Відавочна, што стаміўся ад напружанай працы, мог бы на замену падрыхтаваць некага маладога, больш сучаснага, з новымі ідэямі і падыходамі. Хваляваньні ў краіне якраз з той прычыны, што незразумелая пэрспэктыва: сам не сыходзіць, наступніка няма, да альтэрнатыўных кандыдатаў пытаньні».

«Ня думаю, што ў «расейскім Крыме» стала лепш»

Пры любым раскладзе ня будзе задаволеных цалкам — застанецца яшчэ на адзін тэрмін Аляксандар Лукашэнка ці яго заменіць хтосьці іншы. І гэта, як кажа Андрэй Арамнаў, найбольш напружвае, бо надалей захаваецца падзел у грамадзтве.

«Канечне, ідэальнай карціны ня будзе, дагадзіць усім немагчыма. Я таксама пры гэтай сыстэме шмат страціў: мог быць мільянэрам, а выжываю, як і ўсе іншыя. Спартоўцы майго ўзроўню за мяжой маюць у загашніках мільёны даляраў. Мяне дзяржава адштурхнула ў 20 гадоў, як толькі я на эўфарыі пасьлізнуўся, памыліўся. Замест таго каб падставіць плячо, пазбавілі падтрымкі, фінансаваньня. Але я аб’ектыўна ацэньваю сытуацыю: ня думаю, што нехта іншы, акрамя Лукашэнкі, агулам столькі ўкладаў бы ў спорт», — адзначае суразмоўца.

Паводле Андрэя Арамнава, адна зь вялікіх памылак Аляксандра Лукашэнкі на пачатку прэзыдэнцтва — празьмерная зацыкленасьць на Расеі, што прывяло да татальнай сыравіннай і фінансавай залежнасьці. Але сёньня ён даволі эфэктыўна супрацьстаіць «паглыбленай інтэграцыі». Ці здолеюць гэта рабіць іншыя? — задаецца пытаньнем Арамнаў.

«Многія хочуць, каб тут хутчэй настала катастрофа і, пакуль яшчэ ёсьць сілы, выплыць на паверхню. Калі мэта — заскочыць у прэзыдэнты на хайпе, гэта не варыянт. Хто рэальна мог скласьці канкурэнцыю, ужо ці не жывы, ці зьехаў за мяжу, ці пасьля адседак зьнік. Любы, хто трапіць на пасаду, будзе шукаць «дах». Ня думаю, што ў «расейскім рэгіёне» Крыму стала лепш. Ня будзе камільфо, калі і мы станем губэрняй з расейскім рублём і законамі. Хіба даўгі, якія набраў Лукашэнка, аўтаматычна пагасяцца… Беларусь незалежная, і гэта самае важнае. Менавіта з гэтага трэба зыходзіць».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?